У Скідалі Таццяну Караткевіч міліцыя здымала на мабільны, а ў Горадні прыхільнікі падарылі банку з мёдам.
Кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду ад кампаніі «Гавары праўду!» наведала Гарадзеншўчыну ды ўзяла ўдзел у сустрэчы з выбарцамі. На сустрэчу ў Скідалі, што адбылася каля палаца культуры, прыйшлі каля 30 асобаў. Гучалі пытанні пра мову, экалогію, дзяржаўнае падтрыманне праваслаўнай царквы ды інш.
Нехта з чыноўнікаў спытаўся пра нізкі даход сям’і Караткевіч, указаны ў дэкларацыі, ды ці не значыць гэта, што кандыдат у прэзідэнты «не ўмее зарабляць грошы».
«Гэта звычайны даход для Беларусі, а я – такая, як і ўсе, – абураецца Таццяна Караткевіч, – і наагул, тая ж Грыбаўскайце адмовілася ад паловы свайго заробку, бо ёсць прэзідэнцкія прэферэнцыі ды ільготы. І я таксама адмоўлюся».
Усю сустрэчу на камеру здымае «умоўна невядомы» чалавек у штацкім. Калі батарэя камеры сядае або сканчаецца касета, мужчына не губляецца і працягвае здымаць… на мабільны.
Сустрэчу мусіў перарваць чалец штабу кандыдата Сяргей Вазняк, спаслаўшыся на недахоп часу: прыкладна праз паўтары гадзіны – а 18.30 – чарговая сустрэча ў Горадні. Людзі разыходзяцца неахвотна, бачна, што шмат пытанняў не ўзнялі.
…Палац культуры «Цветліт» у Горадні ўжо прымаў кандыдатаў у прэзідэнты: у 2006 тут выступаў Казулін. Гэтым разам увесь зал запоўнены, то бок на сустрэчу з Караткевіч прыйшло больш за 200 чалавек. Выступае Сяргей Вазняк, кіраўнік штабу па Гарадзеншчыне Зміцер Бандарчук, ну і канешне сама кандыдат у прэзідэнты: у нас ёсць план, а ў дзейснай улады – няма. Трэба дзейнічаць, а не чакаць пакуль усе нязгодныя знікнуць у Беларусі…
Пасля выступаў, згодна рэгламенту, ідуць пытанні з залі. Адным з першых гучыць пытанне пра расейскія вайсковыя базы ў Беларусі.
«Я супраць іншаземных вайсковых базаў у нас, – кажа Таццяна Караткевіч, – гэта супярэчыць артыкулу 18 Канстытуцыі аб нашым нейтральным статусе. Так, у Беларусі таксама ёсць расейскія вайсковыя аб’екты, але мы наўпрост не будзем падаўжаць дамову аб арэндзе, якая ў іх сканчаецца ў 2020 годзе. Такія базы і аб’екты – гэта небяспека для нашых гарадоў, яны аўтаматычна іх робяць мішэнямі».
На пытанне па люстрацыі вінаватых у фальсіфікацыі выбараў, Караткевіч адказвае, што ў выпадку, калі тыя самі прызнаюцца – варта прабачаць.
Цікава, што ці не першы раз у гісторыі на сустрэчы з кандыдатам прысутнічае сурдаперакладчык, які тлумачыць змест сустрэчы глуханямым. Зрэшты, раней «Цветліт» быў палацам культуры інвалідаў па слыху.
Як заўжды, не абыйшлося без ветэранаў:
– Наш прэзідэнт зрабіў вельмі шмат, а вы – дрэннага не бачылі!
– А што добрага бачылі? – пенсіянера перабіў голас з залі, адразу ж – воплескі.
– …праблема ў тым, што прэзідэнт не хоча аддаваць уладу, – коратка рэзюмуе Таццяна.
Наступны пенсіянер загінае яшчэ круцей:
– Нам абяцалі Гарбачоў, Гайдар, Ельцын, …Шушкевіч таксама. Вось і вы зараз абяцаеце…
– А ў нас жартаўлівы Вам адказ нарадзіўся, – ужо з усмешкай адказвае Караткевіч, – Мы маем выканаць тое, што абяцаў Лукашэнка!
Пытанне пра дзяржаўны сцяг і помнікі Леніну Караткевіч у чарговы раз прапанавала вырашыць з дапамогаю рэферэндумаў.
Пытанне з сімволікай – на дзяржаўным узроўні, а з помнікамі – на мясцовым. Зрэшты, на ўваходзе ў ДК падчас сустрэчы лунаў бел-чырвона-белы сцяг, таму свой выбар Таццяна, імаверна, усё ж такі зрабіла.
У залі бракуе агітацыйнай прадукцыі. Валантэры раздаюць адксераныя на хуткую руку чорна-белыя ўлёткі, што не вельмі цешыць публіку. Адчуваецца кантраст з 2010 годам, калі агітацыі ва ўсіх было поўна.
Яшчэ адна асаблівасць вечару – абсалютнай адсутнасць «скандалістаў» ад улады: функцыянераў БРСМ ды вертыкалі, якія зазвычай спрабавалі сарваць сустрэчу ды ўчыніць вэрхал. Зноў жа, яскравы кантраст з 2010 годам.
«Я салідарная з фанатамі «Дынама», – адказвае Таццяна на пытанне пра дагляды фанатаў на уваходах у стадыёны, – такую практыку трэба скасаваць.
Сярод аўтарытэтаў у міжнароднай палітыцы Таццяна называе Ангелу Мэркель. У палітыцы беларускай – сацыял-дэмакрата Аляксея Караля, нядаўна памерлага рэдактара газеты «Новы Час». Зянона Пазняка называе «гістарычнай асобай».
«Мы кормім аргомністую армію людзей, якія ні чым не займаюцца, а часам ствараюць напружанне, – так Караткевіч адказвае на пытанне пра МУС, – Тыя ж унутраныя войскі абавязкова трэба скарачаць».
Сустрэча падыходзіць да канца. Таццяна яшчэ раз заклікае ўсіх прыйсці на выбарчыя ўчасткі 11 кастрычніка. Воплескі, публіка пакідае залю, за аўтографамі і фота з кандыдатам выстройваецца асобная чарга.
Каля дзявятай вечара Таццяна Караткевіч разам з памочнікамі пакідае залю. Сяргей Вазняк ганарова нясе падарунак ад гарадзенцаў – слоік з мёдам.
АК, belsat.eu