Расейскія аператыўнікі затрыманай гомельскай журналістцы: Вы – асоба вядомая


Незалежную журналістку з Гомля Ларысу Шчыракову некалькі гадзінаў дапытвалі на беларуска-расейскай мяжы пра ейнае стаўленне да Лукашэнкі і падзеяў ва Украіне.

Спадарыня Ларыса разам з кіроўцам Кастусём Жукоўскім паехала на беларуска-расейскую мяжу, каб зрабіць відэаматэрыял аб абмежаванні Расеяй транзіту экспарту з Беларусі. Пераехаўшы мяжу з Расеяй, журналістка здымала, як цяжкавікі рухаюцца з Беларусі. Паразмаўляўшы з кіроўцамі, журналістка спрабавала атрымаць каментар ад расейскіх памежнікаў. «Яны даваць каментар адмовіліся, адправілі нас у Бранск. Мы туды не паехалі, а вырашылі зняць стаянку з некалькімі фурамі ў месцы, дзе раней быў кантрольна-прапускны пункт», – распавёў кіроўца Кастусь Жукоўскі.

Калі журналістка зняла некалькі кадраў, да яе і кіроўцы падышлі памежнікі ды затрымалі беларусаў. «Мы патлумачылі, што не здымалі ніякага рэжымнага аб’екту, да таго ж ніякай мяжы паміж Беларуссю і Расеяй няма, але ўсё адно нас не адпусцілі, забралі дакументы», – згадаў спадар Кастусь.

Праз некаторы час спадарыню Ларысу скіравалі на гутарку з мужчынам у цывільным, які выпытваў пра мэты здымкаў і месца працы журналісткі. «Гэты чалавек не прадставіўся. Невядома, кім ён быў. Магчыма, супрацоўнікам ФСБ. Але памежнікі казалі пра яго як аператыўніка», – распавяла незалежная журналістка.

Пазней пад’ехалі яшчэ два мужчыны ў цывільным, адзін з якіх таксама захацеў паразмаўляць з жыхаркаю Гомля. Мужчына выпытваў спадарыню Ларысу пра ейнае стаўленне да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ды пра адносіны да падзеяў ва Украіне.

«Я не хавала сваіх палітычных поглядаў, сказала, што мне не падабаюцца цяперашнія ўлады Беларусі і што адпаведнае стаўленне я маю да канфлікту ва Украіне», – заўважыла спадарыня Ларыса.

Расеец жа пачаў яе пераконваць, што мусіць быць «славянскае братэрства» і беларусы маюць быць заадно з расейцамі.

«Я згубіла адчуванне часу, калькі гэта цягнулася. Урэшце я не вытрымала і сама прапанавала, каб склалі пратакол. Толькі тады расейцы схамянуліся і патлумачылі, чаму нас затрымалі. Аказваецца, у камеру мог трапіць нехта з працаўнікоў ФСБ. У мяне запатрабавалі скасаваць усё відэа. Я паказала, што здымала фуры з беларускімі нумарамі, выдаліла апошнія 10 секундаў знятага, дзе былі відаць нейкія размазаныя сілуэты», – расказала жыхарка Гомля.

Карэспандэнтка згадала, што «мужчынам у цывільным» увесь час нехта званіў. Пасля аднаго з тэлефанаванняў аператыўнік сказаў ёй: «Вы, аказваецца, – асоба вядомая. Вас ведаюць». «Пэўна, звязваліся з гомельскім КДБ», – дапускае спадарыня Ларыса.

Пратрымаўшы гамельчукоў каля 2,5 гадзінаў, расейцы зрабілі копіі іхных дакументаў ды адпусцілі, папярэдзіўшы, каб тыя больш не здымалі на мяжы.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў