Расейскія агенты не даюць жыцця дыпламатам ЗША: забіваюць хатніх жывёлін ды гадзяць на дыван


Расейскія спецслужбы вядуць кампанію пераследу і запалохвання амерыканскіх дыпламатаў, працаўнікоў амбасадаў ды іхных семʼяў у Маскве ды іншых еўрапейскіх сталіцах. Пра гэта піша «The Washington Post».

Дзеянні расейскіх спецслужбаў напалохалі паслоў і нават прымусілі дзяржсакратара ЗША Джона Ф. Кэры прасіць Уладзіміра Пуціна спыніць гэта.

Расейскія спецслужбы перастаўлялі мэблю ўначы ў жытле амерыканскіх дыпламатаў

Падчас нядаўняй сустрэчы ў Вашынгтоне амбасадары ЗША ў некаторых еўрапейскіх краінах скардзіліся, што расейскія спецслужбы ладзяць акты запалохвання – ад дзіўнаватых да проста страшных – у дачыненні да дыпламатычнага персаналу.

Некаторыя былі звычайнай справай: сачэнне за дыпламатамі або іхнымі семʼямі, з’яўленне без запрашэння на дыпламатычных мерапрыемствах ці подкуп журналістаў, каб тыя негатыўна выстаўлялі замежнікаў у сваіх артыкулах.

Але шмат якія дзеянні расейскіх спецслужбаў ужо можна трактаваць як злачынствы. У сакрэтных запісках, высланых у Вашынгтон, дыпламаты паведамляюць, што расейскія зламыснікі пранікалі ў іхныя дамы ўначы толькі для таго, каб пераставіць мэблю ці ўключыць тэлевізар і святло ва ўсіх пакоях, а потым проста сысці. Адзін дыпламат паведаміў, што няпрошаны госць апаражніўся на дыван у гасцёўні.

У Маскве, дзе больш за ўсё адбываецца падобных здарэнняў, дыпламаты паведамляюць пра парэзаныя шыны ды празмерную ўвагу з боку дарожнай паліцыі. «Актывісты», якія атрымлівалі грошы ад расейскага ўраду, фактычна зладзілі паляванне на былога амбасадара Майкла Макфола (Michael McFaul), а расейскія спецагенты не выпускалі з вока ягоных дзяцей, калі тыя ішлі ў школу. Такі пераслед не з’яўляецца чымсьці прынцыпова новым; паводле некалькіх былых амерыканскіх чыноўнікаў, якія азнаёміліся са справаздачамі выведкі, падчас першага прэзідэнцтва Барака Оўбамы прадстаўнікі расейскіх спецслужбаў уварваліся ў дом ваеннага аташэ ЗША ў Маскве і забілі ягонага сабаку.

Маштаб пераследу ўзрос пасля ўвядзення санкцыяў

Прэс-сакратар Дзярждэпартаменту Джон Кёрбі (John Kirby) пацвердзіў, што пасля таго, як расейская інтэрвенцыя ва Украіну ў 2014 годзе прывяла да ўвядзення санкцыяў супраць расейскіх чыноўнікаў і кампаніяў, блізкіх да Пуціна, маштабы пераследу і назірання за дыпламатычным персаналам ЗША ў Маскве значна павялічыліся.

«З моманту вяртання Пуціна ў прэзідэнцтва Расея вядзе ўсё больш і больш агрэсіўную «шэрую» вайну ва ўсёй Еўропе. Цяпер гэта яшчэ і помста за санкцыі, што Захад увёў з-за Украіны. Гэты пераслед, пра які шмат разоў паведамлялася, – яшчэ адзін фронт у «шэрай» вайне», – кажа Норм Эйзен (Norm Eisen), амбасадар ЗША ў Чэхіі ў 2011-2014 гадах. – Яны цэляць у амерыканскіх дыпламатаў там, дзе тыя жывуць – у літаральным сэнсе».

Дзярждэп прыняў шэраг захадаў у адказ на павелічэнне колькасці правакацыйных дзеянняў з боку расейскіх уладаў. Усе амерыканскія дыпламаты зараз праходзяць сурёзную падрыхтоўку па супрацьдзеянні расейскаму пераследу, а Бюро еўрапейскіх справаў на чале з памочнікам Дзяржсакратара Вікторыяй Нуланд (Victoria Nuland)ладзіць рэгулярныя сустрэчы па адсочванні падобных выпадкаў і рэагаванні на іх.

Былы амбасадар ЗША ў Расеі Майкл Макфол сказаў, што за ім і ягонай сям’ёй рэгулярна сачылі, а расейскія спецслужбы імкнуліся, каб ягоная сямʼя ведала, што яны ўсе знаходзяцца пад назіраннем. Іншыя працаўнікі амбасады таксама сутыкнуліся з праявамі «руціннага» пераследу, які значна ўзрос пасля прыняцця санкцыяў у сувязі з канфліктам ва Украіне. Тых дыпламатаў, якія скардзіліся на дзейнасць спецслужбаў, пераследавалі яшчэ больш.

«Гэта было адной з формаў ціску на чыноўнікаў, якія проста выконвалі сваю працу, адпраўляючы справаздачы ў сваю краіну. Калі я быў там, сітуацыя абвастрылася. Пасля ўварвання ўва Украіну яна яшчэ больш пагоршылася», – кажа Макфол.

Адміністрацыя Оўбамы арганізавала дэбаты, каб вырашыць, як варта рэагаваць. Са словаў Макфола, у выніку прэзідэнт Оўбама прыняў рашэнне выкарыстоўваць падобныя захады ў дачыненні да расейскіх дыпламатаў.

Расейская амбасада: Гэта адказ на дрэннае абыходжанне з расейскімі дыпламатамі

Прэс-сакратар расейскай амбасады ў Вашынгтоне даслаў у «The Washington Post» заяву, у якой такі пераслед паказаны як адказ на тое, што ён назваў «правакацыямі ЗША і дрэнным абыходжаннем з расейскімі дыпламатамі ў ЗША».

«У дыпламатычнай практыцы заўсёды існуе прынцып узаемнасці і, на самай справе, за апошнія некалькі гадоў наш дыпламатычны персанал у Злучаных Штатах сутыкаецца з пэўнымі праблемамі. Расейскі бок ніколі не прымаў актыўных дзеянняў, каб нейкім чынам нашкодзіць дыпламатам ЗША», – адзначыў прэс-сакратар расейскай амбасады.

Эвелін Фаркас (Evelyn Farkas), якая да мінулага года была намесніцай памочніка міністра абароны ЗША ў справах Расеі, Украіне і Еўразіі, сказала, што абмежаванні, з якімі расейскія дыпламаты сутыкаюцца ў Злучаных Штатах, нельга нават параўнаць з пераследам і запалохваннем амерыканскіх дыпламатаў у Расеі. Той факт, што ўрад Расеі абвінавачваецца ў забойстве выбітных дыпламатаў і перабежчыкаў у еўрапейскіх краінах, дадае страху тым, хто зараз з’яўляецца яго мішэнню.

«Улады ЗША памыляюцца, што Расея можа быць партнёрам»

Падчас свайго візіту ў Маскву ў сакавіку Кэры падняў гэтае пытанне ў размове з Пуціным. Пуцін не даваў ніякіх абяцанняў аб спыненні пераследу, які працягваўся і пасля вяртання Кэры ў Вашынгтон. Паслы ЗША ў Еўропе просяць Дзяржаўны дэпартамент зрабіць штосьці яшчэ.

Вядучыя чальцы Кангрэсу, заангажаваныя ў еўрапейскія справы, тлумачаць адсутнасць больш рэзкай рэакцыі ЗША спробай адміністрацыі Оўбамы стварыць ілюзію станоўчых амерыкана-расейскіх адносін, якіх на самай справе няма.

«Праблема ў тым, што для Расеі не было ніякіх наступстваў, – сказаў кангрэсмен і старшыня Парламенцкай асамблеі НАТО Майк Тэрнер (Mike Turner). – Адміністрацыя працягвае прытрымлівацца памылковага пераканання ў тым, што Расея можа быць нашым партнёрам. Яны відавочна не хочуць быць нашым партнёрам, яны пазначылі нас як ворага, і мы павінны падрыхтавацца да гэтага тыпу адносін».

МС, паводле Josh Rogin, washingtonpost.com

Стужка навінаў