Расейскім спартоўцам не далі візы ў ЗША


5-9 красавіка ў ЗША ў горадзе Аёва-сіці пройдзе Кубак свету па вольнай барацьбе. З вялікай верагоднасцю расейскія спартоўцы туды не трапяць.

Амбасада ЗША ў Маскве не выклікала барцоў на сумоўе для атрымання візы. МЗС Расеі адрэагаваў на гэта афіцыйнай заявай.

«Расцэньваем дзеянні ЗША як чарговы наглядны прыклад стварэння перашкодаў удзелу расейскіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах. Дзеля ціску на Расею ў Вашынгтоне даўно адкінулі ў бок нават прынцып «О спорт, ты – свет». Амерыканскія ўлады таксама відавочна не супраць ліквідаваць моцных канкурэнтаў для сваіх атлетаў», – піша ў заяве прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

Амерыканскія дыпламаты кажуць, што сумоўі не назначаныя, бо ім папросту не хапае консульскага персаналу. А вось Захарава лічыць гэта працягам дыпламатычнай вайны.

Нагадаем, што на гэтым тыдні адбылася масавая высылка расейскіх дыпламатаў. У розных краінах сумарна было прызнана персонамі нон-грата каля 100 расейскіх дыпламатаў. Гэтыя высылкі з’яўляюцца міжнародным адказам на атручванне ў брытанскім горадзе Солсбэры былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля.

ГА, belsat.eu Фота: WIKIMEDIA COMMONS

Стужка навінаў