Расейскі вайсковы карабель адкрыў агонь па турэцкай судзіне ў Эгейскім моры


Расея заяўляе, што адзін з яе вайсковых караблёў адкрыў папераджальны агонь па турэцкай рыбалоўнай судзіне ў Эгейскім моры для таго, каб пазбегнуць з ім сутыкнення.

У заяве міністэрства абароны Расеі гаворыцца: у 22 кіламетрах ад грэцкай выспы Лемнас, у паўночнай частцы Эгейскага мора, да расейскага вартавога карабля «Сметливый», які знаходзіўся на якары, стаў набліжацца турэцкі сейнер (рыбалоўная судзіна).

Турэцкі карабель нібыта не адказваў на візуальныя сігналы і не ішоў на радыёкантакт.

Экіпаж «Сметливого» ўжыў стралковую зброю, калі турэцкая судзіна падышла да расейскага карабля на 600 метраў, пасля чаго, паводле заявы расейскага боку, яно змяніла курс.

У сувязі з гэтым інцыдэнтам у Міністэрстве абароны Расеі быў выкліканы ваенны аташэ пры пасольстве Турцыі.

Адносіны Масквы і Анкары рэзка абвастрыліся пасля таго, як Турцыя збіла расейскі бамбавальнік Су-24. Турэцкія ўлады сцвярджаюць, што самалёт парушыў яе паветраную прастору, Расея гэта адмаўляе.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў