Расейскі ўрад вылучыць бізнесу $ 10 млрд для выплаты заробкаў працаўнікам


Урад Расеі мае намер надаць кампаніям малога і сярэдняга бізнесу дапамогу да 80 млрд рублёў (каля 10 млрд долараў у эквіваленце) на выплату заробкаў, пішуць «Ведомости».

У расейскім Міністэрстве фінансаў паведамілі, што выдаткі на бязвыплатную дапамогу малому і сярэдняму бізнесу пакуль разлічваюцца.

Бязвыплатную фінансавую дапамогу бізнесу 15 красавіка абвясціў Уладзімір Пуцін. Ён адзначыў, што на яе змогуць разлічваць толькі кампаніі з галін, якія пацярпелі ад пандэміі, дзе скарацілі не больш за 10 % працаўнікоў па дзень 1 красавіка.

Паводле выдання, расейскія прадпрымальнікі чакалі большай дапамогі.

Патэнцыйна на прапанаваную дапамогу змогуць прэтэндаваць 112 тыс. кампаніяў, лічаць у Цэнтры стратэгічных распрацовак. Там адзначылі, што калі б дзяржава вырашыла на працягу паўгода цалкам субсідаваць заробкі ўсім пацярпелым кампаніям, а не толькі малому і сярэдняму бізнесу, то спатрэбіўся б 491 мільярд рублёў, калі б толькі 80 % заробкаў – 393 мільярды.

Падліковая палата Расеі раней заяўляла, што ўладам варта дадаткова вылучыць два-тры трыльёна рублёў на прамыя датацыі бізнесу.

У выніку пандэміі каронавіруса бізнес ва ўсім свеце зазнае вялікія страты.

КА belsat.eu

Стужка навінаў