Расейскі тэлепрапагандыст прызнаўся, што мае брытанскае грамадзянства


Тэлевядоўца «Россия 1» Сяргей Брылёў пацвердзіў, што мае другое грамадзянства, а таксама нерухомасць у Лондане. Ён лічыць, што не парушаў аніякіх законаў сваімі дзеяннямі.

Сяргей Брылёў напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што працадаўцы ведаюць пра яго другое грамадзянства, а нерухомасць у Вялікай Брытаніі ён набываў на чэсна заробленыя сродкі.

«Супрацоўнік ФГУП – ня дзяржслужачы. Гэта значыць, ніякіх законаў я не парушыў. Да таго ж, па характары працы, доступу да дзяржтаямніцы ў мяне няма», – падкрэсліў Брылёў.

Фонд барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага паведаміў, што Брылёў, які з’яўляецца сябрам прэзідыума Рады па абароннай палітыцы Расеі, мінімум з 2001 года зʼяўляецца грамадзянінам Вялікай Брытаніі, а ў 2016 годзе яго жонка Ірына Брылёва набыла ў Лондане кватэру коштам 700 тысячаў фунтаў стэрлінгаў.

Расследаванне пад назвай «Пуцінскі прапагандыст – падданы каралевы Брытаніі» было размешчана на сайце фонду.

Сяргей Брылёў вядзе суботнюю праграму «Весці» на тэлеканале «Расея 1» таксама ён займае пасаду намесніка дырэктара тэлеканалу «Расея» па спецыяльных інфармацыйных праектах.

СК, belsat.eu, паводле newsru.com

Стужка навінаў