Расейскі сяржант паскардзіўся на звальненне з-за адмовы ваяваць у Данбасе


Старшы сяржант Уладзімір Марчукоў звярнуўся ў Савет па правах чалавека пры прэзідэнце РФ са скаргай, у якой сцвярджае, што на яго аказвалі ціск і звольнілі са службы з-за адмовы ад камандзіроўкі ў Данбас. Копію скаргі атрымала рэдакцыя РБК.

Марчукоў служыў кантрактнікам у 536-й асобнай берагавой ракетна-артылерыйскай брыгадзе вайсковай часці 10544 у Мурманскай вобласці. Паводле яго, у студзені 2015 года вайскоўцам брыгады прыгразілі звальненнем, калі яны адмовяцца ехаць у Данбас.

Некалькі чалавек адразу адмовіліся, яшчэ 56 паехалі ў пасёлак Спадарожнік пад Мурманскам, дзе прайшлі баявую перападрыхтоўку са зменай ваенных спецыяльнасцяў. Пазней туды прыехаў падпалкоўнік Вячаслаў Оканеў і гаварыў з вайскоўцамі аб магчымым «пераходзе на тэрыторыю Данецкай і Луганскай вобласцяў для аказання там непасрэднай дапамогі» (у лютым 2015 годзе штурмавалі Дэбальцава).

Марчукоў заявіў, што пасля адмовы ехаць у Данбас, у яго службовую картку незаконна ўпісвалі спагнанні, якія пасля ён паспяхова аспрэчыў у ваеннай пракуратуры.

Сяржанта звольнілі з узброеных сілаў 10 лістапада пасля пераатэстацыі. Як сцвярджае камандзір часткі Юрый Разанцаў, прычынай звальнення стала тое, што ў снежня 2015 года Марчук кіраваў машынай у нецвярозым стане.

Марчукоў паведаміў, што яго сапраўды спынялі пʼяным за рулём, але ён аплаціў штраф. Сяржант назваў пераатэстацыю «паказухай».


Камандзір часткі 10544 Разанцаў заявіў, што з мурманскіх кантрактнікаў «ніхто ніколі не ездзіў» у Данбас.Тое ж самае паведамілі ў дэпартаменце інфармацыі і масавых камунікацый Мінабароны. У ведамстве заявілі, што пасля праверак міністэрствы і ваеннай пракуратуры ні адзін вайсковец вайсковай частцы 10544 не пацвердзіў выпадкаў «адпраўкі, у тым ліку пад ціскам і прымусам, у зону баявых дзеянняў на паўднёвым усходзе Украіны».


Пра канфлікт у 536-й асобнай берагавой ракетна-артылерыйскай брыгадзе ў лютым 2015 года пісала «Газета.ру». Яна апублікавала расшыфроўку запісу выступу падпалкоўніка Вячаслава Оканева, які, у прыватнасці, заявіў ваеннаслужачым: «Так, вайну ніхто нікому афіцыйна не абвяшчаў. А дапамагаць мы павінны па ўсіх паняццях, па чалавечых, па этычных, па ваенных і па ўсіх астатніх».

ДР belsat.eu паводле meduza.io, rbc.ru

Стужка навінаў