Расейскі салдат учыніў жорсткае забойства ў армянскім Гюмры


Супрацоўнікі праваахоўных органаў Арменіі затрымалі расейскага ваеннаслужачага на базе ў Гюмры, якога падазраюць у здзяйсненні цяжкага злачынства. Па папярэдніх звестках, падазраваны збіў да смерці мясцовую жыхарку, якая працавала ў камунальнай службе.

Па факце заведзена крымінальная справа аб нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці чалавека, паведамляе Aysor.am са спасылкай на прэс-службу генеральнай пракуратуры.

Злачынства было здзейснена 3 снежня ў раёне Слабодка гораду Гюмры. Там была выяўленая 57-гадовая жанчына са слядамі збіцця. Па дарозе ў больніцу яна памерла, перадае ТАСС.

«У межах крымінальнай справы затрыманы вайсковец 102-й расейскай базы», – адзначылі ў пракуратуры Арменіі.

На з’яўленне ў армянскай прэсе публікацыі з інфармацыяй аб дачыненні расейскага вайскоўца да забойства грамадзянкі Арменіі адрэагавалі расейскія дыпламаты.

«Выклікае здзіўленне непрафесійны падыход да працы з інфармацыяй, калі, цалкам ігнаруючы прэзумпцыю невінаватасці, пад крыклівымі загалоўкамі тыражуюцца неправераныя і непацверджаныя звесткі. Такія безадказныя паводзіны, асабліва ў няпросты перыяд, толькі садзейнічаюць тым, хто імкнецца пашкодзіць стратэгічным і традыцыйна дружалюбным стасункам паміж Арменіяй і Расеяй», – заявілі ў пасольстве РФ

Гэта не першае жорсткае забойства расейскімі вайскоўцамі ў Гюмры. У студзені 2015 года ўначы былі забітыя шасцёра членаў сямʼі Авецісян, а 19 студзеня памёр у больніцы хлопчык, які застаўся жывы пасля нападу і быў шпіталізаваны з ранамі, нанесенымі штык-нажом.

У здзяйсненні жорсткага забойства быў абвінавачаны салдат тэрміновай службы з Расеі Валерый Пермякоў, які служыў на 102-й ваеннай базе. Ваеннаслужачы, які знаходзіўся ў варце, самавольна пакінуў пост са зброяй, а затым зайшоў у адзін з дамоў і расстраляў жыхароў з аўтамата.

У 2015 годзе прадстаўнікі расейскіх уладаў не спрабавалі заступацца за абвінавачанага, спасылаючыся на «прэзумпцыю невінаватасці». Ужо 22 студзеня ў Гюмры адправілася дэлегацыя Дзярждумы, каб папрасіць прабачэння за «агіднага суайчынніка».

На судзе Пермякоў часткова прызнаў віну ў забойстве сямі чалавек і растлумачыў: «Быў шум, дзеці плакалі, а ў двары брахалі сабакі. Забіў, каб гэты шум спыніўся». Раней ён сцвярджаў, што не збіраўся забіваць армянаў, а хацеў толькі напалохаць людзей і сабак стрэламі ў паветра.

23 жніўня 2016 году суд Арменіі асудзіў расейскага салдата да пажыццёвага тэрміну пазбаўлення волі. А ў траўні 2017 года Пермякова экстрадавалі ў Расею, дзе прысуд быў пакінуты ў сіле.

Расейскага вайскоўца асудзілі на пажыццёвае зняволенне за забойства сям’і ў Гюмры

СК, belsat.eu, паводле newsru.com

Глядзі таксама
Каментары