Расейскі пашпарт? Вон з Беларусі!




Здавалася б, часы дзекабрыстаў даўно адышлі ў нябыт. Але ўлады Беларусі раз-пораз звяртаюцца да найбольш ганебных практык гісторыі. Беларуская міграцыйная служба пастанавіла выслаць з краіны прэсавага сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганну Красуліну. Актывістка мае расейскае грамадзянства, але ўжо 16 гадоў жыве і працуе ў Беларусі. На меркаванне кіраўніцтва АГП, такім чынам улады збіраюцца пазбавіць партыю ейнага голасу.

«Ехала ў грамадскім транспарце, ехала на працу ў аўтобусе, здаецца… Званок, нумар схаваны. Чую: «Ганна Віктараўна…» – адразу разумею, што не свае тэлефануюць», – распавядае Ганна Красуліна.

Званок, які прынамсі на год можа змяніць жыццё прэсавага сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Два тыдні таму Ганну Красуліну, грамадзянку Расеі, запрасілі на размову ў аддзел грамадзянства і міграцыі. Працаўнік на месцы паведаміў, што яе вышлюць з краіны.

«Разумееце, ён кажа: «Я буду шчыры. Прыйшоў ліст зверху…» Я пытаю: «Можа, хоць не высылка?» «Не, – кажа, – прыйшоў ліст зверху, гэта азначае, што высылка. І няважна, што тут з вамі будзем абмяркоўваць, якія падставы. Мы ўсё разумеем, я ўсё разумею, гэта не мая ініцыятыва. Прыйшоў ліст зверху, і, на жаль, вядзецца толькі пра тэрміны», – працягвае Красуліна.

Ганна Красуліна мае пакінуць краіну 30 лістапада – роўна на год. Афіцыйнаю падставаю сталі адміністратыўныя правапарушэнні: два пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях і адзін – за безбілетны праезд у грамадскім транспарце. Аднак Ганна і ейнае кіраўніцтва ўпэўненыя, што прычыны – палітычныя.

«Я думаю, гэта безумоўна звязанае з выбарчымі кампаніямі, якія ў нас наперадзе. І тое, што высылаюць аднаго з ключавых актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, гэта рашэнне прадуманае, я мяркую», – лічыць выканальнік абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў.

І, калі ўлады яго не зменяць, Ганна будзе вымушаная пакінуць мужа і дваіх няпоўнагадовых дзяцей, якія маюць беларускае грамадзянства. А таксама бацькоў, якіх актывістка перавезла ў Беларусь з Расеі дванаццаць гадоў таму.

«Я іх перавезла ў 2006 годзе, адмыслова дзеля таго, каб яны былі пры мне, каб я магла дапамагчы, дбаць пра іх. І цяпер, калі маме 78… Для іх, вядома, гэта ўдар», – кажа Ганна Красуліна.

Ганна прызнаецца: яна заўсёды разумела, што расейскі пашпарт можа стаць пагрозаю:

«Мы заўсёды пра гэта думалі, але спачатку гэтаму замінала тое, што мне рабілі аперацыю ў Маскве, паўторную, якой тут не робяць, не працуюць з такім тыпам пратэзу, які мне трэба было мяняць. У снежні 2014-га мне зрабілі гэтую аперацыю, паўтара года я ўзнаўлялася. А пасля пытанне стала канкрэтна, што давай змяняць грамадзянства».

Прыгадаем іншую гучную справу. Тры гады таму ўлады Беларусі выслалі з краіны праваабаронцу Алену Танкачову, таксама грамадзянку Расеі, якая жыла ў Беларусі больш за 30 гадоў. Падставаю сталі зноў жа нязначныя правапарушэнні, сярод іншага – перавышэнне хуткасці. Паводле іроніі лёсу на фоне гэтай справы сям’я Ганны вырашыла не прыцягваць увагі і пачакаць са зменаю грамадзянства.

«Мы не хацелі размахваць гэтым пашпартам. Калі б я пачала мяняць грамадзянства, то я б моцна актуалізавала гэтую тэму для ўлады. І мы спадзяваліся гэткім чынам пазбегнуць высылкі», – прызнаецца Красуліна.

Высылка ў нікуды. Усё ейнае жыццё сканцэнтраванае ў Менску. Праца, дзеці, бацькі і муж – выкладчык БДУ і сталы каментатар міжнародных падзеяў на «Белсаце».

«Рэакцыя, вядома, была – шок. Бо калі сядзіш на паседжанні кафедры, і прыходзіць СМС: «Год высылкі» – ад жонкі, то ніякіх іншых пачуццяў няма», – дзеліцца муж Ганны Красулінай Яўген.

Іншыя пачуцці яшчэ наперадзе, калі страшны сон, якім ёсць высылка Ганны для ейнай сям’і, стане яваю.

«Ганна кудысьці з’язджае на адзін-два дні па сваіх справах, і я ўжо сумую. Цяжка, ужо напрыканцы другога дня хаджу, думаю, ну калі ж ужо адчыняцца дзверы. А тут цэлы год…», – працягвае Яўген Красулін.

Тым не менш сям’я Красуліных пакуль не здаецца. Справаю актывісткі ўжо зацікавіліся замежныя дыпламаты, у тым ліку прадстаўніца Еўразвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын. Апроч таго, Ганна збіраецца абскардзіць сваю высылку ўва ўсіх магчымых інстанцыях.

«У мяне такое адчуванне, што яе не будзе. Што не адбудзецца. Не ведаю чаму, але мне так падаецца. Што гэтая анекдатычная сітуацыя не можа гэтак скончыцца. Я спадзяюся, што я застануся…», – кажа Ганна Красуліна.

Сюжэт паказалі ў праграме «Праcвет» з Сяргеем Пелясою:



Стужка навінаў