Расейскае МЗС назвала ўмовы ўвядзення альтэрнатыўнага інтэрнэту


У Дэпартаменце па пытаннях выклікаў і пагрозаў вонкавапалітычнага ведамства Расеі падкрэслілі, што альтэрнатыўны інтэрнэт увядуць толькі «пры неспрыяльным сцэнары».

Як заявіў дырэктар дэпартаменту Ілля Рагачоў, Расея валодае ўсімі магчымасцямі для стварэння альтэрнатыўнага інтэрнэту, але скарыстаецца імі толькі «пры самым неспрыяльным сцэнары».

Рагачоў падкрэсліў, што палітыка Расеі не накіраваная на адасабленне інтэрнэту:

«Да гэтага можа прывесці палітыка нашых заходніх партнёраў, насаджэнне двайных стандартаў. Калі гэтыя двайныя стандарты будуць працягваць насаджацца, тады, як пра самую неспрыяльную ў гэтым плане перспектыву, можна гаварыць пра стварэнне нейкага паралельнага інтэрнэту».

Пры гэтым прадстаўнік МЗС дадаў:

«Тэхнічныя, фінансавыя, інтэлектуальныя і ўсе астатнія магчымасці для гэтага ёсць, але я не думаю, што хтосьці б гэтага вельмі хацеў».

НМ, belsat.eu, паводле ТАСС, фотаздымак Kham/ Forum

Стужка навінаў