Расейскі футбаліст зламаў нос амерыканскаму турысту


Футбаліст маскоўскага футбольнага клубу «Спартак» Аяз Гуліеў зламаў нос пешаходу, якога перад гэтым зачапіў на пераходзе.

Футбалісты Фернанду і Аяз Гуліеў.
Фота: Sergei Fadeichev/TASS/Forum

Паўабаронца быў за рулём Mercedes. Па словах відавочцы, Аяз Гуліеў спрабаваў праехаць на чырвонае святло, але яму перашкодзіў мужчына, паведамляе Telegram-канал BAZA.

«Ён [футбаліст. – Заўв. belsat.eu] выскачыў з машыны, ударыў хлопца па твары, пайшоў назад. Потым вярнуўся невядома для чаго і стаў яго моцна збіваць», – сказала сведка.

Паводле інфармацыі Lenta.ru, пацярпелы быў амерыканскім турыстам.

У ФК «Спартак» адзначылі, што бакі ўладзілі канфлікт, і пешаход заявіў, што не мае ніякіх прэтэнзіяў да футбаліста. Тым не менш кіраўніцтва клубу, вырашыла ўжыць да Гуліева строгія дысцыплінарныя санкцыі, бо «асуджае любыя праявы гвалту і лічыць падобныя паводзіны свайго гульца недапушчальнымі».

ВІДЭА
У Маскве п’яныя футбалісты збілі чыноўніка. Перад гэтым ад іх пацярпеў беларус
2018.10.09 12:10

Нагадаем, што ў кастрычніку 2018 года трапілі ў скандал форвард «Зяніта» Аляксандр Какорын і паўабаронца «Краснадару» Павел Мамаеў, у дачыненні спартоўцаў завялі крымінальную справу.

Іх вінавацяць у збіцці чыноўніка расейскага Міністэрства прамысловасці і гандлю Дзяніса Пака. Ад агрэсіўных дзеянняў спартоўцаў пацярпеў таксама 33-гадовы беларускі кіроўца.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў