Расейскі футбаліст раззлаваў турэцкіх фанаў футболкай з Пуціным


Футбаліст маскоўскага «Лакаматыву» Дзмітрый Тарасаў падражніў фанатаў турэцкага «Фэнэрбахчэ» выяваю расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

Пасля гульні Лігі Еўропы, якую расейцы прайгралі з лікам 0: 2 у Стамбуле, паўабаронца расейскай дружыны зняў клубную футболку, пад якой аказалася майка з фатаграфіяй Уладзіміра Пуціна і надпісам «ветлівы прэзідэнт».

Гульня адбылася на фоне зацяжнога пагаршэння адносін паміж Расеяй і Турцыяй пасля таго, як турэцкія сілы збілі расейскі вайсковай самалёт на сірыйскай мяжы ў лістападзе 2015 года.

Пазней Дзмітрый Тарасаў патлумачыў свой учынак.

«Гэта мой прэзідэнт. Я яго паважаю, і пастанавіў паказаць, што я заўсёды з ім і гатовы яго падтрымліваць», – распавёў футбаліст у каментары расейскаму агенцтву «R-Sport».

«На гэтай майцы ўсе напісана, што я хацеў сказаць», – дадаў расейскі спартовец.

Турэцкая газета «Yeni Safak» апісала дзеянні Дзмітрыя Тарасава як «правакацыю Пуціна».

Перад гульнёй турэцкія фанаты закідалі бутэлькамі аўтобус «Лакаматыва» перад стадыёнам. Турэцкая паліцыя паведаміла пра арышт трох заўзятараў за інцыдэнт.

Нягледзячы на ​​напружанне УЕФА адмовілася падзяляць турэцкія і расейскія каманды ў еўракубках, а таксама на Еўра-2016, якое пройдзе гэтым летам (зборныя Турцыі і Расеі патрапілі ў розныя групы, аднак могуць сустрэцца на этапе плэй-оф).

У той жа час тая ж агенцтва «R-Sport» са спасылкай на ўласныя крыніцы ў УЕФА, а таксама на чальца выканкаму Расейскага футбольнага саюзу Ігара Лебедзева паведамляе аб магчымых санкцыях у дачыненні да Дзмітрыя Тарасава і «Лакаматыва» з боку еўрапейскай асацыяцыяў праз учынак футбаліста.

Правілы УЕФА забараняюць любыя палітычныя заявы падчас матчаў. На сайце арганізацыі ніякіх каментароў адносна дзеянняў Дзмітрыя Тарасава пакуль няма.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў