Расейскі дэпутат, пасля прыезду якога ў Грузію пачаліся пратэсты, быў і ў Менску


Дэпутат Дзярждумы РФ Сяргей Гаўрылаў, пасля чыёй прамовы ў Тбілісі ўспыхнулі пратэсты, не так даўно наведваў Менск.

Пра гэта распавёў у фэйсбуку аналітык Адрэй Ялісееў.

«Пра ўчорашнія пратэсты і штурм парламента ў Грузіі, справакаваныя непаважлівай выхадкай расейскага дэпутата Сяргея Гаўрылава. Гэта той самы Гаўрылаў, які ў пачатку месяца быў у Менску і тады пацяшаўся з Беларусі. Ён удзельнічаў у мерапрыемстве «Тэрыторыя Саюзнай дзяржавы як адзіная гістарычная, адукацыйная і інфармацыйная прастора», якое арганізавала Грамадзянская ініцыятыва «Саюз». Гэтая арганізацыя наўпрост звязана з антыбеларускай сеткай дэзынфармацыі і прапаганды, якой прысвечана маё нядаўняе даследаванне», – піша эксперт.

Ялісееў звяртае ўвагу на ключавыя фігуры ў чарнасоценным «Саюзе»: гэта Леў Крыштаповіч (рэдактар ​​сайта «Тэлескоп»), Сяргей Лушч (сайт «Наш Гомель»), Станіслаў Бышок (звязаны як мінімум з 4 сайтамі рэгіянальнай сеткі) і расейскі палітык Сяргей Бабурын, суарганізатар «Рускіх маршаў».

Паводле звестак Ялісеева, Бабурыну быў аказаны ў Менску «цёплы прыём» у Віктара Шэймана і Наталлі Качанавай.

Падчас прыезду ў Менск Гаўрылаў быў запрошаны на эфір «Беларусь Спутник», дзе казаў пра «агульнарускі свет Расеі і Беларусі», аснова якога, маўляў, справядлівасць і ўзаемадапамога, у той час як за заходняй цывілізацыяй – «асобасны эгаізм». Ён таксама казаў, што Беларусі абавязкова трэба зліцца з Расеяй, каб не стаць «разрабаванай, зняважанай калоніяй амерыканскага праекта», адзначае Ялісееў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў