Група следчых Conflict Intelligence Team паведамляе пра дзве калоны грузавікоў расейскага АМАПу і Расгвардыі, якія рухаюцца ў бок мяжы з Беларуссю. Ці перасеклі расейцы мяжу – пакуль невядома.
Рэсурс паведамляе, што частка грузавікоў падобная да аўтазакаў АМАПу Расгвардыі. На спецтранспарце адсутнічаюць якія-кольвек маркіроўкі.
У апісанні да відэа напісана, што тэхніка рухаецца ад Санкт-Пецярбургу ў бок Лугі. Следчыя Conflict Intelligence Team сцвярджаюць, што інфармацыю пацвярджае геалакацыя. Месца здымкаў знаходзіцца ў больш чым 400 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю.
Другую калону на трасе Е30, якая вядзе з Масквы, праз Смаленск у Менск, заўважыў чытач незалежнага расейскага парталу Meduza і расейскі журналіст Васіль Максімаў. У бок Беларусі ехалі вайсковыя грузавікі і без рэгістрацыі і азначэнняў. Conflict Intelligence Team паведамляе, што гэта тэхніка расейскай гвардыі – унутраных войскаў МУС РФ.
Сегодня под Питером в сторону Луги (и белорусской границы соответственно) были замечены колонны грузовиков без номеров и обозначений. А это прислал коллега уже из-под Смоленска. Он видел, что внутри люди в черной форме без опознавательных знаков в сторону РБ. pic.twitter.com/ULEtpmdFR9
— vasily_maximov (@maximov_vasily) August 16, 2020
Відэа Максімава мае GPS-каардынаты, паводле якіх, 16 жніўня калона Расгвардыі была ў 83 кіламетрах ад беларускай мяжы. Фатаграфіі з Google Streatview пацвярджаюць месца здымкаў. Ці перасеклі сілы расейскага МУС мяжу – невядома.
16 жніўня Уладзімір Пуцін запэўніў Аляксандра Лукашэнку ў гатовасці аказаць яму дапамогу ў межах Саюзнай дзяржавы ці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Гэта была другая размова лідараў Расеі і Беларусі ў справе мірных пратэстаў. Пасля першай Лукашэнка заявіў, што з расейскага боку «на першую просьбу будзе аказаная ўсебаковая дапамога ў забеспячэнні бяспекі».
ПЯ/ДР belsat.eu