Расейскі алігарх пра падарунак Лукашэнку: «Сябрам лічу за лепшае дарыць ровар»


Прэзідэнт міжнароднай групы кампаніяў «Арэці» Ігар Макараў лічыць за лепшае дарыць ровар шматлікім сваім сябрам і партнёрам – пра гэта TUT.BY паведаміў прадстаўнік Макарава.

Ён нагадаў, што Ігар Макараў, у мінулым член алімпійскай зборнай СССР, майстар спорту міжнароднага класа сёння з’яўляецца ганаровым прэзідэнтам Расейскай федэрацыі веласпорту і ўваходзіць у склад кіраўніцтва Міжнароднага саюза веласіпедыстаў і ў яго абавязкі ўваходзіць развіццё і папулярызацыя веласіпеднага спорту ва ўсім свеце, у тым ліку ў Рэспубліцы Беларусь. Макараў таксама лічыць, што гэта найлепшы від актыўнага адпачынку.

«Менавіта таму шматлікім сваім сябрам і партнёрам ён лічыць за лепшае дарыць ровар, які, на яго думку, здольны зрабіць насычанае жыццё занятага чалавека больш збалансаваным і здаровым», – сказаў прадстаўнік Макарава.

Нагадаем, днямі стала вядома, што Макараў падараваў Аляксандру Лукашэнку і ягонаму малодшаму сыну дарагія ровары (коштам у некалькі тысяч еўра).

«Партнёрам» алігарха кіраўнік дзяржавы быць ніяк не можа, а з гэтага вынікае, што яны сябры. Калі і пры якіх абставінах завязалася такое сяброўства – невядома.

Ігар Макараў займае 48 месца ў рэйтынгу 200 найбагацейшых бізнесоўцаў Расеі. Ягонае багацце ацэньваецца ў 2,1 млрд долараў. У свой час Макараў пастаўляў газ у Беларусь, займаўся будаўніцтвам і вёў іншыя бізнесы ў краіне. З 2005 года зʼяўляецца ганаровым консулам Беларусі ў Маскве.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары