Расейская танкавая брыгада, якая ваявала супраць Украіны, адправілася ў Беларусь на «Захад-2017»?


Вядома, што вучэнні «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі адбудуцца з 14 па 20 верасня, і ў іх будуць удзельнічаць каля 3 тысяч расейскіх вайскоўцаў і 280 адзінак тэхнікі. Аднак інтэрнэт-следчыя амерыканскага стратэгічнага цэнтру Atlantic Council выявілі, што як мінімум часткова гэта будуць жаўнеры, якія ўжо ваявалі на чужой тэрыторыі – супраць Украіны ў 2014 годзе.

У адкрытым доступе была інфармацыя пра тое, што ў вучэннях прымуць удзел часткі 1-й гвардзейскай танкавай арміі Узброеных сіл Расеі – пра гэта яшчэ ўвесну паведаміў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

У пачатку жніўня ў сацыяльных сетках сталі зʼяўляцца сведчанні расейскіх вайскоўцаў пра падрыхтоўку да адпраўкі ў Беларусь, адзначае супрацоўніца Atlantic Councils Digital Forensic Research Lab Ніка Аляксеева.

Адзін з жаўнераў яшчэ 11 жніўня пакінуў на сваім акаўнце «Вконтакте» паведамленне «Да Беларусі гатовыя. Адзін дзень да адпраўкі».

Фотаздымак пазначаны геатэгам вёскі Муліна Валадарскага раёну Ніжагародскай вобласці Расеі, дзе знаходзіцца база 6-й асобная танкавая брыгада (вайсковая частка 54096). З восені 2014 году гэтае падраздзяленне ўваходзіць у склад 1-й гвардзейскай танкавай арміі.

Танкі і апазнавальныя знакі 6-й брыгады

А яшчэ ў 2014-ым 6-я брыгада ваявала супраць Украіны – ратавала ад поўнай паразы войскі так званых ДНР і ЛНР. Пра гэта сведчыць інтэрнэт-расследаванне блогера http://sled-vzayt.livejournal.com, апублікаванае яшчэ ў 2015 годзе.

Блогер знайшоў амаль 20 асабістых акаўнтаў вайскоўцаў брыгады па фота, зробленым у палявым лагеры ў Растоўскай вобласці ў верасні 2014 году.

Ён звязаў пастаянныя тактычныя знакі з баявой тэхнікі брыгады з часовымі тактычнымі знакамі, калі тэхніка была перафарбаваная для вайны супраць Украіны.

Тыя ж людзі і танкі з часовым знакам – белым кругам

Брыгада мела ў 2014 годзе і цяпер мае на ўзбраенне танкі Т-72Б3. Гэтая мадыфікацыя была распрацаваная ў Расеі ўжо пасля развалу Савецкага Саюзу, таму такіх танкаў не было ў украінскай арміі.

Баявыя страты

Падчас баёў з украінскай арміяй у жніўні 2014-га года брыгада зазнала страты. 26 жніўня зʼявілася інфармацыя пра гібель двух жаўнераў брыгады. Пост з фота зрабіў Дзмітрый Гарбачоў, які сам служыў у падраздзяленні.

Гарбачоў з танкам з тактычным знакам 6-й асобнай танкавай брыгады

 

Пост пра гібель калегі са службы

Тое ж робіць і іншы жаўнер 6-й брыгады.

28-га жніўня ў каментарах да іншага паста Андрэй Фралоў сам напіша, у чым справа.

Абодва забітыя служылі ў 6-й танкавай брыгадзе. Прычым фота магілы аднаго з іх нават патрапіла ў артыкул The New York Times пра патаемныя пахаванні расейскіх жаўнераў, якія загінулі на Данбасе.

Адзін танк Т-72Б3 украінцы нават змаглі часова захапіць падчас баёў – і гэты танк як раз належаў 6-й расейскай танкавай брыгадзе. У танку была картка ўліку стрэльбаў шарагоўца Аляксея Бярэзіна.

А гэта як раз чалавек пад нумарам 1 на групавым фота ў палявым лагеры 6-й танкавай брыгады ў Растоўскай вобласці.

Брыгада страціла ў баях супраць украінцаў не адзін танк. Вось Т-72Б3, які быў цалкам знішчаны. Ён таксама носіць часовыя тактычныя абазначэнні ў выглядзе белага круга.

Зразумела, што расейскія журналісты выдавалі машыну за знішчаны ўкраінскі танк.

Палонныя

Больш за тое, некалькі жаўнераў брыгады нават часова трапілі ў палон да ўкраінскага добраахвотніцкага батальёна «Данбас».

У той час 6-я асобная танкавая брыгада яшчэ належала да 20-й агульнавайскавой арміі Заходняй вайсковай акругі РФ. Сярод палонных таксама ёсць тыя самыя жаўнеры з групавога фота зробленага ў лагеры ў Растоўскай вобласці – Іван Баданін (нумар 17) і Яўген Чарноў (нумар 10).

Яўген Чарноў у расейскай форме і з танкам са стандартным тактычным знакам 6-й асобнай брыгады

А вось Іван Баданін каля помніка з танкам на тэрыторыі сваёй брыгады летам 2011 года. На помніку надпіс з поўным назовам 6-й асобнай брыгады.

Невядома, якія канкрэтна падраздзяленні 6-й асобнай танкавай брыгады едуць на вучэнні ў Беларусь, але відавочна, што брыгада мае традыцыі «гібрыднай вайны», сведчаць расследаванні http://sled-vzayt.livejournal.com/ і Atlantic Council’s Digital Forensic Research Lab.

Андрэй Кміціц belsat.eu

Стужка навінаў