Расейская сетка дысконтаў хоча зрабіць рэвалюцыю ў польскім гандлі


Ці акліматызуецца сетка крамаў з Сібіры над Віслай?

З далёкага Краснаярску

«Светофор» – так называецца гандлёвая сетка, якая знаная ва ўсёй Расеі і ў некаторых суседніх краінах, у тым ліку і ў Беларусі. Цяпер яна рыхтуецца да экспансіі на Захад. У Польшчы плануюць адчыніць 105 крамаў.

У Расеі налічваецца каля 600 крамаў. Першая «крама нізкіх цэнаў Светлафор» з’явілася ў Краснаярску летам 2009 году. Адчынілі яго мясцовыя прадпрымальнікі з прозвішчам Шнайдэр, якія раней, як фірма Ленком, гандлявалі півам. Пачалі яны ў 2004 годзе, каб цягам некалькі гадоў завязаць супрацоўніцтва ў вялікімі і вельмі вялікімі вытворцамі – у тым ліку з Балтыкай, Ачакавым і Гэйнэкенам. Пасля яны адчынілі сетку крамаў пад назвай «Напильник» – з півам і больш моцнымі напоямі, закускамі і тытунёвымі вырабамі.

Адштурхнуліся ад дна

Бізнес Шнайдэраў рухнуў падчас фінансавага крызісу ў 2008 году. Канчаткова сетка «Напильник» скончыла сваё існаванне тры гады таму, але яшчэ раней у 2009 Андрэй Шнайдэр зарэгістраваў фірму «Росторг 2009». Яна павінна была гандляваць шырокім асартыментам спажывецкіх і гаспадарчых тавараў. Менавіта тады ў старой частцы Краснаярску адчынілі першую краму «Светофор».

«Адштурхнуліся ад дна, цалкам пераасэнсавалі і пачалі рэалізаваць абсалютна новую канцэпцыю: «hard-дысконт», – так каментаваў новую бізнес-ідэю Алег Сіпеты, старшыня краснаярскай сеткі супермаркетаў «Командор».

«Нічога залішняга»

Цяжка назваць яго канкурэнтам уладальнікаў «Светофора», бо «hard-дысконт» «Светофор» пабудаваны па прынцыпу «Нічога залішняга» (no-frills). У першай краме новага дысконту не было нават паліцаў. Тавары прадавалі наўпрост з каробак і драўляных палетаў. Рэалізаваная Шнайдэрамі бізнес-мадэль выключала ўсе залішнія выдаткі – пачынаючы ад спосабу захоўвання тавараў і асвятлення памяшканняў, скончваючы рэкламай і кантактамі з прэсай.

«Hard-дысконт» у выкананні фірмы Шнайдэраў базуецца на правілах «нічога залішняга».
Фота: Ірына Арахоўская, belsat.eu

Нават да такой ступені, што восенню 2016 году гандлёва-прамысловая палата была вымушаная правесці пошукаваю аперацыю, каб скантактавацца з уладальнікамі сеткі, бо хацелі завязаць супрацоўніцтва. Яны не ведалі, як гэта зрабіць, таму супрацоўнікі палаты былі вымушаныя пакідаць свае лісты наўпрост у крамах. Але ім так ніхто і не адказаў.

Сямейны бізнес

Рэдакцыя часопісу Forbes у Расеі некалькі месяцаў спрабавала дамовіцца з прадстаўнікамі кампаніі на размову, але таксама ў іх гэта не атрымалася. Вядома толькі тое, што фірма мае сямейны характар: бізнесам фармальна кіруе з Краснаярску Валянціна Шнайдэр, а штодзённа ёй кіруюць два яе сыны, таксама з Сібіры.

На дадзены момант сетцы належыць больш за 800 крамаў – у тым ліку ў Азербайджане і Казахстане.
Фота: Ірына Арахоўская, belsat.eu

Усё гэта не перашкаджае бізнесу актыўна развівацца. Паводле дадзеных агенцыі «INFOLine-Аналітыка», кампанія Шнайдэраў з прыбыткам у 65 млрд. расейскіх рублёў у 2017 годзе стала найвялікшай фірмай на рынку ў сваім сегменце ў Расеі. На дадзены момант сетцы належыць больш за 800 крамаў – у тым ліку ў Азербайджане і Казахстане.

Ад мінулага году сетка крамаў працуе ў Беларусі: у Менску, Баранавічах, Салігорску, Наваполацку і Горадні. У «Светофор» на закупы могуць хадзіць і польскія турысты, якія прыязджаюць у Горадню па бязвізе.

Супермаркет «Светофор». Фота Ірына Арахоўская, belsat.eu

Эканомія на кожным кроку

Ці варта? Спраўдзілі нашыя карэспандэнты, якія наведалі адну з крамаў сеткі. Правіла »нічога залішняга« відаць ад самага ўваходу: на вуліцы +28 і столькі ж, калі не болей, унутры. У гандлёвай залі не працуе кандыцыянер.

Эканомія на кожным кроку – камер захоўвання 24штукі, на ўсіх не хапае і ў чаканні вольных выцягваецца чарга. Усе ячэйкі камеры захоўвання адкрываюцца адным ключом.

«Як гэта так?», – запыталіся нашыя здзіўленыя карэспандэнты. Ахоўнік не зразумеў, чаму тут дзівіцца.

Закупы з падлогі

Столікаў для пакупнікоў таксама няма – людзі перапакоўваюцца наўпрост на падлозе.
Фота: Ірына Арахоўская, belsat.eu

У залі мінімалістычныя правілы фірмы Шнайдэраў працуюць да гэтага часу: частка тавару ляжыць на палетах і ў каробках. Варта ж адзначыць, што ўсё на сваім месцы.

Тавары, якія хутчэй псуюцца, знаходзяцца ў асобным пакоі-лядоўні. Але не ўсе! Бо, напрыклад, рыбныя кансервы, якія павінны захоўвацца пры тэмпературы да +20 градусаў, ляжаць у залі, дзе значна цяплей. Склад знаходзіцца на другім паверсе над галовамі пакупнікоў.

Кліентаў сапраўды шмат, але працуюць толькі дзве касы.
Фота: Ірына Арахоўская, belsat.eu

Шмат працаўнікоў знаходзяцца ў гандлёвай залі. Менавіта яны клапоцяцца пра парадак і дапамагаюць пакупнікам.

«Не можа быць такой цаны»

Жанчына побач абірае паштэт. Уважліва чытае склад і кладзе тавар на месца.

«Не можа быць такой цаны», – кажа з недаверам.

Кошты, канешне, адрозніваюцца ад тых, што ў іншых крамах. Па правілах фірмы ў «Светофор» павінна быць ад 10 да 20 адсоткаў танней, чым у іншых крамах. А вось некалькі прыкладаў таго, як гэта выглядае на практыцы:

  • гарбата Lipton 20 пакецікаў – 2.27 Br;
  • піва «Carlsberg» 0.45 л. – 1.25 Br;
  • сшытак 48 лістоў – 0.63 Br;
  • электрамясарубка – 74.62 Br.
Тавар пераважна беларускага і расейскага вырабу. Фота Ірына Арахоўская, belsat.eu

Жыхары Горадні, каторыя ездзяць на закупы ў польскую «Бедронку», вельмі задаволеныя такімі коштамі.

«Светофор» ці «Mere»

У гэтым годзе «Светофор» плануе адчыніць у Польшчы 8 крамаў, агулам іх павінна быць 105. У Польшчы »Светофор« будзе працаваць пад назвай «Mere». Там таксама будзе правіла «20% танней, чым дзе кольвек». Расейцы хочуць гэтага дасягнуць дзякуючы ўжо спраўджаным метадам функцыянавання «hard-дысконту».

Шампанскага не будзе?

Ці атрымаецца ў расейцаў перанесці гэтую бескампрамісную бізнес-мадэль на польскі рынак? Ці можа яны дададуць нейкія мадыфікацыі? Адно вядома дакладна: польскія гурманы хутчэй не павінны чакаць ад крамаў «Mere» ікры, шампанскага і асятроў. Не тая паліца і не той фармат.

Але з іншага боку вельмі папулярная «Бедронка» таксама не спецыялізуецца на нейкіх таварах класы «Люкс».

ЦГ/АА, belsat.eu

Стужка навінаў