Галоўны рэдактар расейскага незалежнага выдання «Новая газета» Дзмітры Муратаў заявіў «Эху Москвы», што вымушаны ўзброіць супрацоўнікаў траўматычнай зброяй праз пастаянныя напады на іх і адсутнасць рэакцыі з боку праваахоўнікаў.
«Я буду рады супрацоўнікаў адпраўляць на вучобу. Афіцыйна заключым дамову з МУС. Будзем выпісваць і купляць траўматычную зброю, здаваць на яе іспыты», – заявіў Дзмітры Муратаў.
З часу заснавання «Новой газеты» былі забітыя шэсць супрацоўнікаў выдання, у смерці яшчэ аднаго падазравалі наўмыснае атручванне. Сёлета «Новая газета» стала першым буйным расейскім выданнем, што заявіла пра масавыя катаванні і забойствы геяў у Чачэніі.
У рэдакцыю «Эха Москвы» 23 кастрычніка ўварваўся мужчына, які пырснуў ахоўніку ў вочы з газавага балончыка і параніў нажом у шыю журналістку Таццяну Фэльгенгаўэр.
КА, belsat.eu