Расейскаму палітолагу забаранілі ўезд у Еўразвяз


Расейскага палітолага Алега Бандарэнку не пусцілі ў ЕЗ – уезд на тэрыторыю Еўразвяза яму забаронены па патрабаванні Польшчы.

Як піша ТАСС, пра гэта паведаміў сам Бандарэнка.

«Па запыце Польшчы мне забаронены ўезд на тэрыторыю краін ЕЗ без тлумачэння прычын. Забарона дзейнічае 3 гады», – сказаў ён.

Паводле словаў Бандарэнкі, ён прыляцеў у Берлін па запрашэнні германскай «Левай партыі» для ўдзелу ў палітычным мерапрыемстве.

Бандарэнка паведаміў, што яго рыхтуюць да дэпартацыі і заявіў, што не ведае, з чым канкрэтна можа быць звязаны запыт Польшчы.

Адзначаецца, што Бандарэнка з’яўляецца дырэктарам «Фонду прагрэсіўнай палітыкі» і вядзе аўтарскія калонкі ў шэрагу расейскіх СМІ.

З адкрытых крыніц вядома, што Бандарэнка прымаў удзел у мерапрыемствах, арганізаваных на тэрыторыі ДНР і ЛНР у якасці запрошанага «эксперта» і ў тэлепраграмах – на прапагандысцкіх тэлеканалах у прыватнасці, заяўляючы, што «аб аднаўленні суверэнітэту Украіны на Данбасе гаворкі быць не можа».

КА, belsat.eu, паводле pravda.ua

Стужка навінаў