Расейскаму неанацысту «Цесаку» далі 9 гадоў калоніі. Чым ён вядомы ў Беларусі?


Суд у Маскве прызнаў вядомага расейскага неанацыста Максіма Марцінкевіча (мянушка «Цясак») вінаватым у экстрэмізме, хуліганстве і разбоі і прысудзіў да 9 гадоў калоніі строгага рэжыму.

Прыхільніка нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіі вінавацілі ў тым, што пад прычынай барацьбы з наркотыкамі ў межах ягонай кампаніі «Акупай-наркафіляй» Марцінкевіч нападаў на людзей і здзейсняў над імі самасуд. Відэа здзекаў над людзьмі, якіх «Цясак» лічыў наркагандлярамі, ён і ягоныя паплечніка выкладалі ў інтэрнэт.

Гэта ўжо чацверты прысуд у дачыненні да Марцінкевіча. Раней яго некалькі разоў судзілі за распальванне міжнацыянальнай варожасці, распальванне ненавісці і гвалт.

«Цясак» неаднаразова наведваў Беларусь, дзе запісваў відэаролікі з прапагандай сваіх поглядаў. 14 лютага 2013 года Марцінкевіч быў затрыманы ў Менску пасля бойкі з беларускімі антыфашыстамі. Адзін з беларусаў падчас той бойкі атрымаў колата-рэзаныя раны і трапіў у шпіталь. Марцінкевіч быў змешчаны ў СІЗА, супраць яго была распачатая крымінальная справа па артыкуле «злоснае хуліганства» – яму пагражала 10 гадоў турмы. Але ўжо 5 сакавіка 2013 года Марцінкевіча нечакана вызвалілі з-пад варты, а яшчэ праз месяц крымінальная справа супраць яго была закрытая.

Восенню 2013 года, калі Марцінкевічу пагражаў чарговы крымінальны пераслед у Расеі, ён збег у Беларусь, а ўжо адтуль зʼехаў на Кубу – там у студзені 2014 года яго арыштавалі і экстрадыравалі ў РФ.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў