Расейскага сенатара выпусцілі пад заклад у € 5 млн. Сулеймана Керымава падазраюць у адмыванні грошай


Французскі суд пастанавіў адпусціць Сулеймана Керымава, паведаміў ria.ru пракурор Францыі Жан-Мішэль Прэтра.

Расейскага мільярдэра і сенатара ад Дагестану (з 2008 г.) затрымалі ў Ніцы. Яго абвінавачваюць у адмыванні грошай і ўхіленні ад выплаты падаткаў. Паводле французскіх медыяў, праваахоўнікі падазраюць Керымава ў набыцці вілаў праз падстаўныя фірмы без аплаты падаткаў.

Суд пастанавіў забраць у Керымава расейскі пашпарт і абавязаў заставацца на тэрыторыі Францыі да канца расследавання.

Расейскае МЗС накіравала французскім уладам ноту, звяртаючы ўвагу на тое, што ў Керымава дыпламатычны імунітэт.

Французскае падатковае заканадаўства прадугледжвае ўзбуджэнне крымінальнай справы ў выпадку, калі сума доўгу перавышае 5 % ад сумы падатку.

Паводле «Forbes» Сулейман Керымаў займае 21 месца ў рэйтынгу найбагацейшых бізнесменаў Расеі. Керымаў і члены ягонай сям’і кантралююць кампаніі «Нафта Москва» і «Полюс Золото».

ЮВ, belsat.eu, паводле ria.ru

Стужка навінаў