Расейскага генерала назвалі галоўным прэтэндэнтам на пасаду старшыні Інтэрполу


Фаварытам выбарчай гонкі на пасаду кіраўніка Інтэрполу стаў расейскі генерал-маёр Аляксандр Пракапчук. Краіны Захаду выказваюць перасцярогу, што ў выпадку перамогі, Расея стане выкарыстоўваць міжнародную арганізацыю ў мэтах палітычнага пераследу.

Выбары кіраўніка Інтэрполу маюць адбыцца 21 лістапада. Паводле Брытанскай газеты Times, адзіным канкурэнтам 56-гадовага Пракапчука, які з 2016 года займае пасаду віцэ-прэзідэнта Інтэрполу, з’яўляецца выканаўца абавязкаў прэзідэнта арганізацыі Кім Чон Ян.

Пры гэтым усё больш гучаць перасцярогі, што Масква зможа выкарыстоўваць Інтэрпол для пераследу сваіх палітычных апанентаў. Гэтак Times піша, што пры Пракапчуку Расея ўжо спрабавала атрымаць так званыя чырвоныя апавяшчэнні (абʼяўленне чалавека ў міжнародны вышук) супраць палітычных апанентаў. У прыватнасці, у траўні па запыце РФ у Іспаніі быў арыштаваны заснавальнік фонду Hermitage Capital, буйны брытанскі інвестар і крытык расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна Уільям Браўдэр. Затрыманага не выдалі Расеі і неўзабаве вызвалілі, але гісторыя выклікала вялікі міжнародны рэзананс. Парламент Вялікай Брытаніі нават заклікаў выключыць РФ з Інтэрпола. З падобнай ініцыятывай выступілі і амерыканскія сенатары, якія заявілі пра неабходнасць абмежавання права Расеі на выкарыстанне механізму вынясення чырвоных апавяшчэнняў.

Былы кіраўнік Інтэрполу Мэн Хунвэй у кастрычніку падаў у адстаўку. Перад гэтым чыноўнік знік пасля наведвання Кітаю. Стала вядома, што яго затрымалі ўлады Кітаю па падазрэнні ў карупцыі. Хунвэй падазраецца ў атрыманні хабару і ўчыненні іншых злачынстваў.

СК, belsat.eu, паводле newsru.com

Стужка навінаў