Расейская «ЧВК Вагнэра» цяпер будзе ваяваць у Судане, – СМІ


Байцы расейскіх прыватных ваенных кампаніяў, якія раней ваявалі на ўсходзе Украіны і ў Сірыі, цяпер бяруць удзел і ва ўзброеным канфлікце ў Судане на баку ўрада Амара Хасана аль-Башыра – аднаго з найбольш жорсткіх дыктатараў сучаснасці.

Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі са спасылкай на ананімнага байца «ЧВК Вагнэра». Пацвярджаюць гэта і іншыя крыніцы.

«Я чуў, што людзі туды паехалі і ўжо нават вярнуліся з цяжкай формай малярыі», – кажа Бі-бі-сі кіраўнік прыватнай вайсковай кампаніі «РСБ-Груп» Алег Крыніцын.

Былы «міністр абароны» ДНР, палявы камандзір Ігар Стралкоў (Гіркін) таксама паведамляе аб новых камандзіроўках у Судан.

«Мне перадалі інфармацыю аб тым, што «Вагнэр» ужо рыхтуецца (пасля Сірыі) ехаць менавіта туды (у Паўднёвы Судан) – шукаюць спецыялістаў і перакладчыкаў, якія засталіся з часоў СССР», – паведаміў Стралкоў на сваёй старонцы «Ўкантакце».

Грамадзянская вайна ў Судане ідзе з 2013 года, пасля таго як у 2011 годзе незалежнасць абвясціла паўднёвая частка краіны. У Паўднёвым Судане размешчаны часткі міжнародных міратворцаў колькасцю 12 тыс. чалавек. Сваіх вайскоўцаў у склад кантынгенту вылучаюць краіны Афрыканскага саюзу.

Афіцыйна Расея не брала ўдзел у канфлікце. Аднак зусім нядаўна ў Расеі ўпершыню пабываў прэзідэнт Судану Амар Хасан аль-Башыр, які абвінавачваецца Міжнародным крымінальным судом у генацыдзе падчас канфлікту ў суданскім рэгіёне Дарфур. Ён сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным і заявіў, што яго краіна мае патрэбу ў абароне «ад агрэсіўных дзеянняў ЗША».

Падчас гэтага візіту прэзідэнт Судану абмеркаваў з Уладзімірам Пуціным і міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу пытанне стварэння расейскай вайсковай базы, якая магла б з’явіцца ў Порт-Судане на беразе Чырвонага мора – другім па велічыні горадзе краіны і яе адзіным марскім порце.

Нагадаем, «ЧВК Вагнэра» фактычна з’яўляецца сакрэтным падраздзяленнем расейскага войску і неафіцыйна падначалена Генштабу РФ. Спецслужбы Украіны сцвярджаюць, што вагнэраўцы датычныя да знішчэння ўкраінскага самалёта Іл-76 на Данбасе, удзельнічалі ў штурме Луганскага аэрапорту і баях за Дэбальцава. У Сірыі вагнэраўцы адзначыліся пры штурме Пальміры ў сакавіку 2016 году і шэрагу іншых аперацый. Паводле СМІ, мінімальная стаўка для шарагоўца ў «ЧВК Вагнэра» – каля 250 тыс. расейскіх рублёў (больш за 4.300 USD), але з рознымі бонусамі гэтая лічба можа дасягаць 450 тыс. (больш за 7.800 USD). Асобна прадугледжаны выплаты параненым і сваякам забітых.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў