Расейскае агенцтва паведамляе пра сем затрыманых у Крыме ўкраінскіх выведнікаў


Сем чалавек затрымалі па справе аб падрыхтоўцы тэракту ў Крыме, даведаліся расейскія медыі.

«Сем чалавек затрыманыя, у тым ліку каардынатары з Крыму – мясцовая агентура», – цытуе сваю крыніцу агенцтва «РИА Новости».

«Інтэрфакс» паведамляе пра затрыманне траіх чалавек.

«Былі распачатыя дзве спробы прарыву ў раёне гораду Армянску з украінскай тэрыторыі – адна ў ноч з 6 на 7 жніўня, калі спрабавала прабіцца дыверсійна-выведкавая група з блізу 15 чалавек, другая – 8 жніўня з ужываннем цяжкай тэхнікі, у тым ліку БМП», – распавёў суразмоўца агенцтва ў праваахоўных органах.

Паводле яго, пры спробе прарыву на тэрыторыю Крыму падчас закладкі выбухоўкі ў таемны схрон былі затрыманыя прынамсі трое чалавек. Суразмоўца агенцтва адзначыў, што яны закладвалі розныя віды выбухоўкі – супрацьтанкавыя міны і іншыя віды агульнай магутнасцю 40 кг у тратылавым эквіваленце.

Групай затрыманых кіраваў грамадзянін Украіны 1977 года нараджэння Яўген Паноў – кадравы супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны.

«Усе затрыманыя знаходзяцца на тэрыторыі Крыму. Абвінавачванні ім пакуль не выставілі. Вядуцца следчыя дзеянні і допыты», – паведаміла на заканчэнне крыніца.

Украінская выведка зняпраўджвае затрыманне сваіх прадстаўнікоў у Крыме.

Kommersant.ru паведамляе пра 10 раненых вайскоўцаў са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах.

ФСБ Расеі паведаміла, што ў выніку спробаў дыверсійна-выведкавах груп з Украіны пранікнуць у Крым загінулі два расейскія сілавікі. Уладзімір Пуцін, каментуючы гэтую справу, абвінаваціў Украіну ў пераходзе да «практыкі тэрору».

МЯ, паводле ria.ru, interfax.ru,

Стужка навінаў