Расейцы жадаюць анексіі Беларусі, як ніколі


У сярэдзіне сакавіка расейскі аналітычны цэнтр Юрыя Левады правёў апытанне сярод 1600 чалавек па ўсёй Расеі. Галоўнай тэмай сацыялагічнага даследавання стала меркаванне грамадзянаў пра канфлікт з Украінай і далучэнне Крыму.

Даследаванне часткова ахапіла Беларусь. На пытанне «У якіх межах вы хацелі б бачыць Расею ў будучыні?», 31 % рэспандэнтаў так ці інакш пажадаў, каб нашая краіна была далучаная да Расейскай Федэрацыі. Цікава, але за год паказчык зменшыўся. Летась пра далучэнне марылі 52 % апытаных.

Варта адзначыць, што колькасць людзей, якія жадаюць бачыць у будучым складзе Расеі выключна Беларусь вырасла за год амаль удвая – з 5 да 8 %. Калі верыць Левада-Цэнтру, такой вялікай прагі далучыць нашу краіну да Расеі не было яшчэ з часоў правядзення першага падобнага апытання ў 1998 годзе.

Вынікі сацыялагічнага апытання пракаментавала Таццяна Чуліцкая, доктарка сацыяльных навук, выкладчыца ЕГУ:

«Дадзеныя лічбы адносна бачання выключна Беларусі ў складзе Расеі можна тлумачыць, перш за ўсё, тым, што расейскія грамадзяне не заўважаюць відавочных (прынамсі, у параўнанні з Украінай ці балтыйскімі краінамі) праблем у адносінах з нашай краінай. Верагодна, Беларусь уяўляецца найбольш спакойным суседам, які не імкнецца вырвацца з-пад «братняй апецы». Пры гэтым, колькасць апытаных, якія ўжо не лічаць украінцаў адным народам з расейцамі, як бачна з атрыманых дадзеных, павялічваецца».

Таццяна Чуліцкая дадае, што разам з тым апошнія месяцы відавочна змянілі стаўленне расейцаў да палітыцы ў адносінах да Украіны. «У адносінах да Украіны зараз бачны пачуцці раззлаванасці (расце колькасць жадаючых распаду гэтай краіны з 4% да 7% апытаных), якая падаграецца амбіцыямі «аднаўлення гістарычнай справядлівасці, вяртання Расеі яе тэрыторыі» (рост з 34% да 40%). Пры тым што менавіта гэтыя амбіцыі і пачуццё нацыянальнага гонару з’яўляюцца на сённяшні дзень амаль не адзіным дывідэндам падтрымання палітыкі Пуціна, які ён можа прапанаваць сваім прыхільнікам».

«Таму на фоне ўсёй цяжкасці, як у адносінах да ўкраінскай сітуацыі, так і існуючых у расейскім грамадстве настрояў і пануючых пачуццяў, беларусы захоўваюць імідж найменш праблемнага «малодшага брата», якога ўсё яшчэ можна вернуць у пакутную, але амбітную расейскую сям’ю», – сказала суразмоўца «Белсату».

ГВ, belsat.eu

Стужка навінаў