Следчы камітэт паведамляе, што ў Гарадзенскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы аб арганізацыі незаконнай міграцыі. Абвінавачаны – 25-гадовы грамадзянін РФ.
У красавіку 2018 года расеец даставіў 5 в’етнамцаў да адной з вёсак Воранаўскага раёну Гарадзенскай вобласці. Пасля гэтага пешшу суправадзіў іх праз мяжу на тэрыторыю Літвы. Але нелегальныя мігранты былі затрыманыя літоўскімі памежнікамі.
Беларускія следчыя прыйшлі да высновы, што 25-гадовы расеец «дзейнічаў у складзе злачыннай групы, дзе існаваў прынцып размеркавання роляў, мелася распрацаваная сістэма сувязі і канспірацыі». Прычым мігранты за паслугі па перапраўце ў Еўразвяз плацілі ад 12 да 16 тысяч долараў, сцвярджаюць у СК.
Затрыманаму прадʼяўленае абвінавачванне ў спрыянні незаконнаму транзіту праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь замежных грамадзянаў (ч. 2 арт. 371-1 Крымінальнага кодэкса). Расейцу пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Цяпер ён знаходзіцца пад вартай. Вʼетнамскія мігранты дэпартаваныя з Беларусі.
Іншых удзельнікаў канала перапраўкі нелегалаў праваахоўнікі працягваюць шукаць.
ІІ, belsat.eu