Расеец-ісламіст з Сірыі распавёў, як ён хаваецца ва Украіне


Агенцыя «Reuters» апублікавала інтэрвʼю з былым баевіком «Ісламскай дзяржавы», якому ўдаецца жыць ва Украіне і заставацца па-за ўвагаю праваахоўнікаў.

Нарадзінец Дагестану, 33-гадовы Марат Нурмагамедаў два гады ваяваў на баку «Ісламскай дзяржавы». Потым збег ад ваенных дзеянняў спачатку ў Турцыю, набыў там фальшывыя дакументы і са Стамбула ўцёк ва Украіну.

Украінскія памежнікі не маюць базы дадзеных грамадзянаў Расеі, што падазраюцца ў дачыненні да тэрарызму або тэрарыстычных арганізацыяў. Службы бяспекі Украіны і Расеі моцна скарацілі кантакты і супрацу пасля анексіі Крыму і вайны на ўсходзе Украіны. Памежнікі не звярнулі ўвагі на Нурмагамедава, і ён паспяхова прайшоў пашпартны кантроль.

Цяпер ён знаходзіцца ў Кіеве і вяртацца ні ў Расею, ні на радзіму ў Дагестан не збіраецца. На тэрыторыі Расейскай Федэрацыі яго чакае турэмны тэрмін да 15 гадоў за ўдзел у ваенных дзеяннях на баку арганізацыі, забароненай у Расеі.

«У Расею мне нельга ні ў якім выпадку, у лепшым выпадку, мяне накіруюць у Дагестан, а там мяне чакае вялікі тэрмін або тое, што ў Дагестане бывае часта з такімі, як я: дзе-небудзь у лесе з акрываўленай галавой знойдуць, падкінуць пісталет, гранаты і скажуць, што чарговага тэрарыста забілі падчас спецаперацыі», – кажа Марат Нурмагамедаў.

Нурмагамедаў зараз не мае легальнай магчымасці працаваць або падарожнічаць і зʼехаць, напрыклад, у Еўропу ці іншую краіну. Адзінае, што для яго прымальна на гэты час – жыць пад выдуманым імем на тэрыторыі Украіны.

«У мяне адзіная мэта – вывучаць рэлігію і вярнуцца да спакойнага жыцця. Усе гэтыя групіроўкі для мяне аднолькавыя, і ўсе яны заблудныя. Яны не ваююць за іслам, і я больш не буду іх падтрымліваць. Ні сам, ні з кімсьці абʼядноўвацца, арганізоўваць дыверсіі, узрываць метро – у мяне такога ў планах няма», – кажа былы ісламіст.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў