Расце другое войска Польшчы


[vc_single_image image=”0″ img_size=”large”]

Еўрапейскія дзяржавы ладзяць вялікія вайсковыя гульні, а палякі рыхтуюцца да абароны сваёй тэрыторыі ўласнымі сіламі. Побач з прафесійным войскам расце новае. Тысячы грамадзянаў добраахвотна вучацца вайсковай тактыцы ў вольны час, інвестуюць у абсталяванне ўласныя грошы. Як выглядае тэрытарыяльная абарона па-польску?

«Зялёныя чалавечкі» спрабуюць знішчыць інфраструктуру каля Варшавы. Супрацьдзее ім не войска, а польскае апалчэнне – тэрытарыяльная абарона. Гэта не сапраўдны канфлікт, а вайсковая гульня.

Гаворыць Віктар, камандзір часткі «Strzelec* 1410»: «Я стварыў такі сцэнар, які прадугледжвае абарону аб’ектаў крытычнай інфраструктуры, бо мы мусім быць гатовыя да такіх дзеянняў. Гэта гібрыдная вайна, якая сёння вядзецца не толькі супраць войска. Гэта змаганне з інфраструктураю краіны, ускладненне жыцця грамадства, дэзарганізацыя дзяржавы, ускладненне транспартавай камунікацыі, сувязі».

Мясцовую інфраструктуру найлепей абароніць той, хто яе добра ведае, бо жыве побач. Палякі ствараюць лакальныя добраахвотніцкія аддзелы лёгкай пяхоты, якія вучацца бараніць свае гарады і вёскі.

Караль Лехоўскі, 2 узвод Мазавецкай тэрытарыяльнай абароны, Obronanarodowa.pl:

«Тэрытарыяльная абарона – гэта базавы кампанент абароны краіны. У добра развітых краінах гэта асноўны кампанент, і толькі потым будуюць аператыўныя сілы. У Польшчы ёсць аператыўны кампанент, але няма тэрытарыяльнага, войска яго яшчэ не стварыла. У сувязі з гэтым грамадства ўзяло справу ў свае рукі».

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Грамадства – гэта асобы, якія за ўласныя сродкі набываюць мундзіры ды трэнавальную зброю. У вольны час вучацца тактыцы, а цягам тыдня займаюцца звычайнаю працаю. Сярод «стральцоў» – людзі розных прафесіяў.

«Графікі, юрысты, інжынеры, студэнты, але і жаўнеры дзейснага войска. То бок увесь спектр грамадства. Я працую журналістам і займаюся аховаю гістарычных помнікаў», – працягвае Віктар.

Апалчэнцаў усё больш, бо палякі сёння адчуваюць сталую пагрозу з усходняга кірунку.

Караль Лехоўскі, 2 узвод Мазавецкай тэрытарыяльнай абароны:

«Гэта спачатку паказалі чачэнскія войны, а потым грузінскі канфлікт. А цяпер яшчэ тое, што адбываецца ва Украіне, узмацняе пачуццё пагрозы ды адчуванне патрэбы паклапаціцца пра ўласную бяспеку».

Бяспеку Польшчы турбуе больш за сотню парамілітарных, ці як яны самыя сябе называюць, абарончых арганізацыяў і групаў. Паводле розных звестак у іх шэрагах ад 10 да 30 тыс. асобаў. Пры колькасці прафесійнага войска 100 тыс. жаўнераў. А колькасць мае значэнне.

Караль Лехоўскі, 2 узвод Мазавецкай тэрытарыяльнай абароны:

«Ёсць псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне тэрытарыяльнай абароны. У Швейцарыі ёсць адна брыгада прафесійнага войска – 4 тыс. жаўнераў. Пра такую колькасць кажуць швейцарцы. Але цягам 48 гадзінаў гэтая краіна можа склікаць амаль 600 тыс. жаўнераў. З такім войскам мала хто можа весці вайну, не баючыся прайграць. Мала хто адважыцца атакаваць краіну, якая можа мець паўмільённае войска. Гэта не толькі адпужванне, але і рэальная сіла».

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

Такою рэальнаю сілай ва Украіне сталі добраахвотніцкія батальёны. А ў Польшчы жыве нямала ўкраінцаў. Некаторыя з іх таксама трэнуюцца з мясцоваю тэрытарыяльнаю абаронаю.

Міхаіл, малодшы сяржант рэзерву Узброеных сілаў Украіны:

«Я не ведаю як будзе ва Украіне. Усё-такі ў Еўропе і ў Польшчы база для ваенных трэніровак, ці нават для ваенных сімулятараў, лепшая. Можна больш паглыбіць свае веды ў гэтым накірунку. А нават чамусці навучыць сваіх знаёмых і сяброў ва Украіне з якімі я таксама займаюся. Калі я ўдома я таксама займаюся страйкболам».

Страйкбол ці эйрсофт – гэта спорт, які прыдумалі ў Японіі пасля вайны, каб трэнаваць войска. Цяпер ён папулярны ўва ўсім свеце. Японскае вынаходніцтва выкарыстоўваюць для сімуляцыі тактыкі бліжняга бою.

У Польшчы разрозненыя парамілітарныя арганізацыі дзеялі і да агрэсіі Расеі супраць Украіны, але канфлікт суседзяў звярнуў увагу грамадства ды ўладаў на «партызанаў выходнага дня».

Караль Лехоўскі, 2 узвод Мазавецкай тэрытарыяльнай абароны:

«На сёння тэрытарыяльнай абароны ў Польшчы няма. Гэта толькі спробы яе стварыць. Гэта нізавая, грамадская ініцыятыва, якую мы рэалізоўваем уласнымі сродкамі. Ужо бачная зацікаўленасць гэтаю тэмаю з боку Міністэрства абароны і асобаў, якія пастанаўляюць. А таму, магчыма, гэта справа пойдзе ў такім кірунку, у якім мусіць пайсці, і паўстане тэрытарыяльная абарона ў структурах Узброеных сілаў Польшчы».

Тэрытарыяльная абарона – гэта другая сіла побач з Узброенымі сіламі. Войска ў Польшчы прафесійнае. У 2009 г. адмянілі ўсеагульны прызыў, але ўсё часцей гучаць галасы, што невялікае войска не здолее абараніць краіны, а таму патрэбныя добраахвотнікі. Не толькі для вайсковых дзеянняў.

Віктар, камандзір часткі «Strzelec 1410»:

«Найперш трэба абараніць сваю сям’ю. Трэба прайсці курсы першай дапамогі, выжывання ў сітуацыі, калі не будзе электрычнасці, радыё, калі няма адкуль узяць ваду. Трэба ведаць сваю ваколіцу. Людзям трэба быць разам, калі людзі разам, а я тут маю на ўвазе не толькі аддзел, а сям’ю, знаёмых, суседзяў, людзі могуць абменьвацца інфармацыяй, матэрыяламі і прадуктамі, дапамагчы адно аднаму».

Традыцыі самаарганізацыі грамадства і партызанскай вайны ў палякаў сягаюць сярэднявечча. Паспалітае рушэнне ў часы Рэчы Паспалітай, паўстанні ў эпоху Расейскай імперыі, Армія Краёва ў перыяд Другой сусветнай вайны. Досвед мінулых пакаленняў можа прыдасца. Застаецца спадзявацца, што толькі падчас вайсковых гульняў.

Сяргей Пеляса

*Стралковы звяз «Strzelec» – гэта добраахвотніцкая парамілітарная арганізацыя, традыцыі якой сягаюць пачатку ХХ ст. На яе аснове паўсталі «Польскія легіёны», а потым і рэгулярнае войска.

Стужка навінаў