«Раней рабавалі ворагаў …цяпер тых, хто ходзіць у каляровых штанах»


Прадстаўнікі расейскага бізнесу лічаць, што арыштаваны мільярдэр Еўтушэнкаў стаў ахвярай рэйдэрскага захопу Крамля.

«Раней рабавалі ворагаў – напрыклад, вораг Гусінскі, вораг Беразоўскі. Яны хочуць зрынуць Пуціна. Іх разрабавалі. Потым разрабавалі тых, хто хацеў прыйсці да ўлады законным шляхам. Напрыклад, Хадаркоўскі. Разрабавалі. Потым разрабавалі тых, хто хадзіў у каляровых штанах і неяк увогуле … не прысягаў кожны раз, не прыпадаў на калена. А ён жа наагул абсалютна лаяльны да ўлады, абсалютна … (Уладзімір Еўтушэнкаў – belsat.eu).

Але ён таксама тут набраў добрых актываў. Таму яго таксама можна раздзярбаніць. Вы разумееце, ва ўладзе ў краіне шакалы, якія … заканчваецца ежа – можна з’есці суседа», – такім чынам у эфіры радыё «Эхо Москвы» пракаментаваў хатні арышт уладальніка холдынгу АФК «Система» Уладзіміра Еўтушэнкава бізнесмен і былы саўладальнік кампаніі «Евросеть» Яўген Чычваркін.

Экс-мэнэджэр кампаніі ЮКОС Уладзімір Пераверзін лічыць, што мільярдэр стаў ахвярай рэйдэрскага захопу Крамля. «Палітычная сітуацыя такая, што не дзейнічаюць ні законы, ні суды, краіна на ручным кіраванні з Крамля. Захацелася Сечыну «аджаць» «Башнафту» – сфабрыкавалі справу. Гэтая схема ужывалася не раз, і справа ЮКОС таму пацверджанне. Пераламаць гэтую сітуацыю не атрымаецца, ФСБ не аддасць сваю ўладу, а Майдану ў нашай краіне не будзе», – сказаў былы мэнэджэр ЮКОС у размове са snob.ru.

16 верасня кіраўнік холдынгу АФК «Система» трапіў пад хатні арышт. Уладзімір Еўтушэнкаў абвінавачваецца ў адмыванні грошай. Мільярдэр праходзіць па г. зв. справе «Башнефть».

Па афіцыйнай версіі следства Еўтушэнкаў абвінавачваецца ў крадзяжы акцый паліўна-энергетычных прадпрыемстваў Башкартастану. У ліпені прадстаўнік холдынгу АФК «Система» заявіў, што ніякага дачынення да крадзяжу акцый «Башнафты» кампанія не мае.

Па версіі Forbes Еўтушэнкаў уваходзіць у топ-20 самых багатых людзей Расеі. А яго маёнтак ацэньваецца ў $ 9 млрд.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў