Рамонтныя працы цеплаправоду працягваюцца ў Менску, у Воршы – скончаныя

Рамонтныя працы ў Воршы. Фота: «Белэнерга»

21 студзеня жыхары Менску ды Воршы паведамлялі, што ў кватэрах знікла цёплая вада і пахаладзелі батарэі. Раніцай у «Белэнерга» паведамілі, што ў Воршы падачу цяпла аднавілі.

«Персанал філіялу «Аршанская ЦЭЦ» завяршыў аварыйны рамонт участку цепламагістралі ў Воршы, працы трывалі ўсю ноч.

А 5:00 22 студзеня пасля ліквідацыі дэфекту адноўленае цеплазабеспячэнне спажыўцоў гораду Воршы. Просім прабачыць за часовыя нязручнасці!»

Прычына аварыі ў Маскоўскім раёне Менску звязаная з пашкоджаннем цепламагістралі на скрыжаванні вуліцаў Ясеніна і Рафіева.

Рамонтныя працы ў Менску. Фота: «Белэнерга»

Праблему абяцаюць зліквідаваць да 18:00 22 студзеня. Да гэтага часу людзі застануцца без цеплазабеспячэння.

Праз аварыйнае адлучэнне ўчасткаў цеплавых сетак з 18:00 21 студзеня да 18:00 22 студзеня не будзе ацяплення ў шэрагу ўстановаў адукацыі Маскоўскага раёну.

Ліцэй № 1, гімназіі № 10, 174, 192;

СШ № 26, 154, 160, 165, 170, 181, 206, 207, 208, 209, 213, 215;

Дзіцячыя садкі № 94, 105, 128, 414, 430, 453, 455, 460, 496, 500, 513, 523, 524, 525, 541, 542, 544, 546, 547, 549, 551, 554, 555, 556, 557, 558, 560, 563, 564, 576.

У дзіцячых садках будуць арганізаваныя дзяжурныя групы з гарачым харчаваннем. Просьба апранаць дзяцей цяплей, калі магчыма – пакінуць удома.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі заняткі пераносяцца з 2021/01/22 (пятніца) на 2021/01/23 (субота). Таксама будуць зарганізаваныя дзяжурныя групы, у якіх маюць падтрымліваць дапушчальную тэмпературу.

Генеральны дырэктар Менскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Сяргей Рубанаў – пра аварыі трубаў у Маскоўскім раёне:

«Жыллёвыя арганізацыі раёну супольна з «Менсккамунцяплосеткаю» робяць усё магчымае, каб, нягледзячы на праблему, мінімізаваць дыскамфорт і забяспечыць працаздольнасць сістэмы ацяплення. Калі спатрэбіцца, будуць задзейнічаныя мабільныя кацельні для ацяплення жылфонду».

Аб праблемах з ацяпленнем у Маскоўскім раёне жыхарам паведамляе служба 115. Інфармацыя абнаўляецца ў рэжыме рэальнага часу, адмыслоўцы ЖЭУ замераць тэмпературу ў дамах, каб кантраляваць працэс.

МГМ, belsat.eu

Hавiны