Rammstein прапанаваў аплаціць штраф гарадзенца, якога пакаралі за рэпост іхнага кліпа


Андрэй Галавенка. Фота – «Гарадзенская вясна»

Саліст гурту «Rammstein» Тыль Ліндэман прапанаваў аплаціць судовыя выдаткі Андрэя Галавенкі, на якога завялі крымінальную справу за публікацыю кліпа нямецкага гурту на асабістай старонцы ў сацыяльных сетках. Пра гэта мужчына распавёў «Народнай Волі».

Паводле Андрэя Галавенкі, Тыль Ліндэман даведаўся пра ягоную справу ад выдаўцы кніжак музыкі (Галавенка не хоча называць імя гэтага чалавека.)

«Ён пабачыў інфармацыю пра маю справу ў сацыяльных сетках, паразмаўляў пра гэта з Ліндэманам і той адказаў, што яны гатовыя аплаціць мае судовыя выдаткі, – распавядае Галавенка. – Я быў уражаны, але адмовіўся ад дапамогі, паколькі грошай, якія мне сабралі ў сацыяльных сетках, хапіла, каб цалкам усё аплаціць».

За рэпост у сацыяльных сетках аднаго з кліпаў «Rammstein» Гарадзенца Андрэя Галавенку аштрафавалі на Br 1275. Відэа ён апублікаваў яшчэ ў 2014-м, але міліцыя прыйшла да яго толькі праз 4,5 гады.

Кадр з кліпу «Pussy» гурта «Rammstein»

Супраць мужчыны завялі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкулу 343 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (выраб і распаўсюджванне парнаграфіі). Санкцыя артыкулу прадугледжвае зняволенне ад 2 да 4-х гадоў.

«Я дадаў гэты кліп і забыўся пра яго. Я нават не ведаю, ці паглядзеў яго. А пасля мяне выклікаюць і кажуць пра распаўсюд порна. Спачатку я нават не зразумеў, адкуль у мяне порна. Аказалася, што гэта «Rammstein». Міліцыянты пыталіся, навошта я гэта дадаў», – распавядаў Галавенка нашаму каналу.

У выніку хлопцу давялося шукаць адваката, на яго не было грошай. Галавенка вырашыў звярнуцца па дапамогу праз інтэрнэт.

Грошы на адваката і іншыя судовыя выдаткі сабралі хутка і прычым, болей чым патрабавалася. Падчас разгляду крымінальную справу супраць яго спынілі праз сканчэнне тэрміну даўніны і наяўнасць станоўчых характарыстык з працы. Аднак суддзя пастанавіў прыцягнуць Андрэя да адміністрацыйнай адказнасці – і даў штраф Br 1275. Апроч гэтага, юнаку давялося выплаціць судовыя выдаткі і аплаціць экспертызу.

«Але на гэтыя выдаткі мне хапіла грошай з тых, што былі сабраныя праз інтэрнэт, – дадаў Галавенка. – Я ўсё аплаціў і вельмі ўдзячны людзям за дапамогу».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў