Раман Віктара Марціновіча «Ноч» дасяжны для бясплатнага і афіцыйнага спампоўвання ў інтэрнэце


Пісьменнік Віктар Марціновіч паведаміў у сваім Фэйсбуку, што атрымаў дазвол ад выдаўцы на тое, каб выставіць тэкст раману «Ноч» у вольны доступ. Цяпер кніга дасяжная для спампоўвання ў інтэрнэце.

Пісьменнік адзначае, што цалкам усвядомлівае, што фінансавага пункту гледжання такі крок падобны да самазабойства. Але прыводзіць аргументы, чаму вырашыў так паступіць.

«Па-першае, я сам зацяты пірат і шмат якія кніжкі спампоўваю, бо ў дарозе інакш складана. І было б круцельствам з майго боку прымушаць плаціць за электронную »Ноч«. Па-другое, я не ставіў мэты зарабіць на цікаўнасці суайчыннікаў да «Ночы». Мая мэта іншая: я хацеў бы, каб гэты тэкст на роднай мове прачытала як найбольш людзей. Бо менавіта чытацкая ўвага, а зусім не грошы, з’яўляецца найвышэйшай узнагародай пісьменніку. Бо ў кожны беларускі дыялог, у кожную песеньку з Насамонаў, я моцна ўклаўся, і мне крыўдна будзе, калі не наяўнасць грошай на картцы некаму не дазволіць зазірнуць у гэты сусвет. Прыемна бачыць, што, калі меркаваць па лічыльніку наведванняў, без усялякіх анонсаў з майго боку раман «Ноч» за 3 дні ўжо сцягнула да сябе на чыталкі болей людзей, чым здолеюць набыць кніжку. Так што пампуйце і атрымлівайце асалоду«, – сказаў Віктар Марціновіч.

Пісьменнік таксама акцэнтуе ўвагу, што не даваў права гандляваць тэкстам ніводнаму агрэгатару. Таму ў выпадку, калі нехта ў інтэрнэце ў вас просяць заплаціць за »Ноч«, бо »так вы дапаможаце аўтару« – ведайце, што грошы пойдуць махлярам.

Спампаваць кнігу Віктара Марціновіча можна з адзінага афіцыйнага рэсурсу, які і падрыхтаваў гэты рэліз: https://34mag.net/post/noch

Разам з тым пісьменнік выказвае падзяку Anton Kashlikov за працу, Kasia Syramalot за адмыслова зробленую пад электронную версію вокладку, кампаніі Будзьма Беларусамі – за падтрыманне і натхненне, Віталю Рыжкову – за рэдактуру твора.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў