Раман Скірмунт, які спыняў агонь, меў сакрэтнае каханне і баяўся публікі


Усцяж фігуру Рамана Скірмунта адцяняе ягоны палітычны партрэт, хоць біяграфія гэтага нязвыклага чалавека заслугоўвае шматтомнага раману. Пра асабістае жыццё прэм’ера Ураду БНР, «Белсату» распавядае доктар гістарычных навук Аляксандр Смалянчук.

Біяграфічную кнігу пра аднаго з самых яскравых палітыкаў БНР гісторык Аляксандр Смалянчук задумаў яшчэ 20 гадоў таму. У выніку шматгадовага грунтоўнага даследавання зусім нядаўна выйшла з друку новае 700-старонкавае выданне «Раман Скірмунт (1868–1939). Жыццяпіс грамадзяніна Краю». Разам з прафесарам мы зазіраем за заслону палітычнай дзейнасці Скірмунта і бачым там звычайнага чалавека, які жыў, кахаў, меў свае страхі, таленты і спадзяванні.

Доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Смалянчук. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Наступная прэзентацыя біяграфіі Рамана Скірмунта адбудзецца ў Варшаве 13 лістапада ў «Collegium Civitas», зала 1222 (Палац культуры і навукі, пляц Дэфіляд 1). Пачатак а 18.00.

Беларускі дзеяч з «вялікіх паноў»

4 сыны і 6 дачок у сям’і Скірмунтаў неабходна было забяспечыць годнаю спадчынай і пасагам. Таму бацька Рамана Скірмунта, патомны літоўскі шляхціч, спыняе традыцыю і становіцца прадпрымальнікам. Сям’я была вельмі багатая. Фінансавы абарот толькі адной суконнай фабрыкі прыносіў даход 300 тыс. рублёў. Гэта былі каласальныя на той час грошы. Аднак Першая сусветная вайна перакрэсліла багацце Скірмунтаў.

Пасля няўдачы з праектам БНР Скірмунт адыходзіць ад палітыкі і жыве ў сваім маёнтку, дзе займаецца гаспадаркаю, будуе касцёл і лякарню.

Прэзентацыя кнігі Алеся Смалянчука ў Горадні. Фота-Васіль Малчанаў/Белсат

Што цікава, у памяці жыхароў Скірмунту прыпісвалі нават цудадзейную моц. Суразмоўцы з Парэчча і навакольных вёсак не аднойчы распавядалі пра магічную здольнасць Скірмунта спыняць полымя. Калі здараўся пажар, то Скірмунт сам прыязджаў яго тушыць, а «як пан абыходзіў пажарышча, то агонь саступаў, нейкую малітву ён знаў ад агню».

Палітык трох дзяржаваў

Дэпутат першай Дзяржаўнай думы Расейскай імперыі, потым стваральнік Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, а яшчэ пазней сенатар ІІ Рэчы Паспалітай. Як чалавек наагул так ухітрыўся, якімі насамрэч былі ягоныя погляды? Пытанне такой рэзкай палітычнай перамены і стала прычынаю даследаванняў пра гэтага чалавека. Нездарма кніга носіць назву «Грамадзянін Краю». Раман Скірмунт спрабаваў утварыць новую «краёвую» ідэалогію, новую нацыю, да якой належалі б усе патрыёты гістарычнай Літвы.

Скірмунты ў Парэцкім парку (1930-я гг.)

Пры гэтым «краёўцы» імкнуліся дэмакратызаваць паняцце так «грамадзянін краю», заклікаючы ў рух не толькі эліту, але і мяшчан, сялянаў і працоўных. Гэта была спроба супрацьстаяць новым нацыянальным рухам, польскаму, расейскаму і ў першую чаргу літоўскаму, які расколваў гістарычную Літву. «Краёўцы» спрабавалі захаваць цэльнасць былой Літвы, утварыць нацыю палітычнага тыпу, дзе галоўным крытэрам нацыянальнай прыналежнасці была не мова, а патрыятызм да гістарычнай Літвы як сваёй радзімы. Такім «краёўцам» Раман Скірмунт фактычна і быў усё жыццё.

У беларускі рух агітаваў Багдановіч

Самы складаны выбар у жыцці Рамана Скірмунта – гэта быў беларускі выбар. Ён далучыўся да беларускага руху ў снежні 1916 года, калі ўвесь гэты «рух» у Менску быў рэпрэзентаваны адною арганізацыяй – Беларускім таварыствам дапамогі пацярпелым ад вайны. Не апошнюю ролю пры гэтым адыграла агітацыя з боку Максіма Багдановіча, з якім Скірмунт супрацоўнічае з верасня 1916 г. Да свайго ад’езду ў Ялту на лячэнне і фактычна да смерці Багдановіч быў сакратаром харчовай камісіі, якою кіраваў Скірмунт.

Кніга «Раман Скірмунт (1868-1939). Жыццяпіс грамадзяніна Краю». Фота-Васіль Малчанаў/Белсат

Прэм’ер без дыпломаў, які граў Моцарта «без нот»

Уся сістэмная адукацыя Рамана Скірмунта, апроч хатняй, – тры класы Рыжскай нямецкай гімназіі. Ён нават дыплому не атрымаў аб сярэдняй адукацыі. Па волі бацькі Аляксандра, 15-ці гадовага Рамана забралі з гімназіі. Ён мусіў пераняць абавязкі кіравання маёнткам, каб у будучыні забяспечваць фінансава ўсю сям’ю. Тут важная крыніцай інфармацыі – біяграфія, якую Раман Скірмунт пісаў сам, калі балатаваўся ў Сенат ІІ Рэчы Паспалітай.

«Сакрэтнае» каханне і пазашлюбныя сыны

Дакладна вядома, што Раман Скірмунт ніколі не ажаніўся. Адзіная крыніца інфармацыі пра ягоныя рамантычныя адносіны – успаміны вяскоўцаў. У вёсцы пра «сакрэтную любоў пана» распавялі не адразу, з вялікаю павагай захоўваючы таямніцу. Гаворка ідзе пра ўдаву фурмана Кацярыну Цярэшку, якая была ў маёнтку «гаспадыняю дому». Жанчына нібыта нарадзіла Скірмунту чатырох сыноў. У вёсцы іх лічылі дзецьмі пана і па-вулічнаму называлі «скірмунтавымі».

Раман Скірмунт. Фота з кнігі Алеся Смалянчука/Белсат

Быў вельмі сціплы і саромеўся выступаць на публіцы

Вядомаму палітычнаму дзеячу, Раману Скірмунту, як ні дзіўна, было заўсёды цяжка выступаць на публіцы. Аднойчы ў размове з любімаю пляменніцай Вацлавай Скірмунт прызнаўся, што зайздросціць ейнай лёгкасці ў кантактах з людзьмі, бо сам у кампаніях адчувае сябе няёмка і часта не мог паказаць свае найлепшыя якасці. Апроч таго, ён дадаў, што калі б меў такі ж лёгкі характар, то шмат чаго мог бы дабіцца. Улічваючы, колькі Скірмунт мусіў выступаць перад публікаю, цяжка сабе ўявіць, што за кожным разам мусіў пераадольваць унутры гэты чалавек, які ўсё ж такі адчуваў адказнасць перад радзімаю.

Прыняў смерць з гонарам

У 1939 г. Рамана Скірмунта забілі мясцовыя «актывісты савецкай улады». На загад камісара трое мужыкоў вывелі яго разам са шваграм Баляславам у лес і расстралялі. Калі Раману прапанавалі павярнуцца спіною, каб стрэліць у патыліцу, ён адказаў:

«Я ніколі ад людзей не адварочваўся і ад вас не адвярнуся». Гэта былі апошнія ягоныя словы, пасля якіх Скірмунт глядзеў у вочы сваім забойцам.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў