Рагачоўская наменклатура ў віры карупцыйнага безуладдзя


Кадравыя перастаноўкі, звязаныя з карупцыйнымі скандаламі, працягваюцца ў Рагачове, што ў Гомельскай вобласці. На гэты раз ад пасады адхілілі намесніка старшыні Рагачоўскага райвыканкаму Васілія Каральчука.

«У нас новы намеснік старшыні. Васілій Сцяпанавіч Каральчук не працуе тут. Замест яго Смірноў Руслан Іванавіч», – інфармуе Рагачоўскі райвыканкам.

Каральчука перавялі далей ад рагачоўцаў, на месца кіраўніка аддзелу адміністрацыі Цэнтральнага раёну Гомля. Ён быў адным з апошніх чыноўнікаў з каманды Віктара Банчука, былога кіраўніка Рагачоўскага раёну, арыштаванага за шматлікія злоўжыванні.

«Васілія Каральчука, хутчэй за ўсё, звольнілі праз міжнародны скандал, калі сюды прыязджалі брытанскія і канадскія журналісты, гэта адна з прычынаў. Другое – цалкам заваленая праца аддзелу ідэалогіі і культуры», – мяркуе рагачоўскі актывіст Дзяніс Дашкевіч.

Скандал з журналістамі адбыўся ў сакавіку. Тады адміністрацыя з дапамогай міліцыі ўсяляк перашкаджала замежнай здымачнай групе зафіксаваць копанку з вадой, якая, паводле дакументаў, ужо мусіла быць паркам з фантанамі ды ходнікамі. На рэканструкцыю парка пайшло больш за $ 500 000, але ідзе толькі імітацыя працы.

Жыхароў Рагачова дастала карупцыя і беспрацоўе

«Тыдзень стаяць трактары, нічога не робяць», – звяртае ўвагу мясцовая жыхарка.

«Прыязджаюць у 11 гадзінаў, пачынаюць працу. А 15 гадзіне пачынаюць зварочвацца. Пра што тут можна яшчэ казаць?», – дадае мужчына.

На стыль працы раённых уладаў не паўплывалі і арышты папярэдняга кіраўніцтва – спачатку кіраўніка выканкаму Віктара Банчука, потым ягонага пераемніка Сяргея Якаўлева.

«Па факце карупцыі і па факце крадзяжу грошай, што былі вылучаныя на будаўніцтва гэтага парку, канкрэтна панёс пакаранне Віктар Банчук – былы мэр. Яго сюды прывозілі ў кайданках, калі быў следчы эксперымент», – узгадвае Дзяніс Дашкевіч.

У занядбаным стане і рагачоўскія пляжы, якія ўжо 4 гады ўпарадкоўваюць за бюджэтныя сродкі – ані паркоўкі, ані пяску. Рагачоўцы таксама скардзяцца на кепскія дарогі ды беспрацоўе. Стаіць завод перапрацоўкі гародніны, стаіць цагляны завод, ідуць скарачэнні і карупцыйныя скандалы на малочным камбінаце, славутым згушчаным малаком. Мёртвым грузам стаіць мэблевая фабрыка. Хаця летась яе хацелі выкупіць бізнесоўцы з кампаніі ІКЕА.

«Быў моцна завышаны кошт на гэты закінуты будынак, таксама яны сутыкнуліся з бюракратычнымі перашкодамі. Мы мяркуем, што ім маглі намякаць на «адкаты», як гэта ў нас часта бывае», – упэўнены Дзяніс Дашкевіч.

Рагачоўцы незадаволеныя, што ў кіраўніцтва гораду прызначаюць іншагародніх чыноўнікаў, найперш са Жлобіна.

Да Майдану ў Беларусі прывядзе хамства ўладаў

Актывіст Дзяніс Дашкевіч кажа, што трэба мяняць усю сістэму ўлады. Каб чыноўнікі былі не прызначаныя, але абраныя гараджанамі, як у Еўропе.

«Калі яго прыслалі, значыць, ён нячысты. Значыць, ён пад артыкулам хадзіў – або сядзеў, або збіраецца сесці», – падсумоўвае Анатоль, жыхар Рагачова.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў