Радзіма ксяндза Гадлеўскага: ад «свабодных людзей» з Валыні да казакоў з расейскімі аўтаматамі


Шмат што змянілася на радзіме легендарнага ксяндза за апошнія 70 гадоў: жыхароў паменела ў 20 разоў, па лясах гойсаюць казакі з аўтаматамі, а на хаце святара толькі цяпер з’явіўся ягоны партрэт.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”166624″ img_size=”large”][vc_column_text]

Ад Горадні да Шурычаў, што ў Свіслацкім раёне, ехаць прыкладна паўтары гадзіны. Цікава, што паварот з трасы на вёску наагул не пазначаны: мабыць, маршрут не самы папулярны. Дадатковых пяцьсот метраў грунтоўкі – і мы ўжо на месцы, у вёсцы, якая прытулілася ля велічнай сцяны Белавежскай пушчы.

Менавіта тут 16 лістапада 1898 нарадзіўся будучы ксёндз, палітык і грамадскі дзеяч Вінцэнт Гадлеўскі, сталёвы нонканфарміст, які быў невыгодны любой уладзе: і саветам, і палякам, і немцам. Пры немцах Гадлеўскі працаваў галоўным школьным інспектарам: часовая беларусізацыя ў генеральнай акрузе «Беларусь» была ў тым ліку і ягонаю заслугаю.

Адначасна Гадлеўскі быў адным з лідараў Беларускай Незалежніцкай Партыі, якая таемна ад немцаў стварала канспіратыўную сетку, каб падняць паўстанне ў зручны час. Гадлеўскага, аднак, выкрылі, арыштавалі ў калядную ноч 1942 года і неўзабаве расстралялі ў Трасцянцы.

«Забі, але веру не зменім!»

Тут, у Шурычах доўгі час жыў дзядзька Вінцэнта – цясляр Адам. У вяскоўцаў па хатах там-сям пазаставалася зробленая ім мэбля ды плеценыя кошыкі. Сама ж хата пуставала пэўны час па смерці ўласніка, цяпер яе даглядаюць суседзі, заадно, працягваючы выкарыстоўваць як варштат.

Маладзейшы з суседзяў двухметровы Мірэк праводзіць у легендарную хату, дзелавіта адчыняючы навясны замок на ўваходзе: «Гэта, канешне, не тая ўжо хата, дзе Гадлеўскі нарадзіўся, – тлумачыць волат, – тую казакі ў 1915-м спалілі, калі адступалі, разам з усёю вёскаю. Тады яны мясцовых хацелі ў праваслаўе перахрысціць, але стараста паклаў галаву на калоду перад атаманам і кажа: «Забі, але веру не зменім!». Той вылаяўся, назваў старасту пшэкам, і паехаў».

[/vc_column_text][vc_single_image image=”166612″ img_size=”large”][vc_single_image image=”166616″ img_size=”large”][vc_single_image image=”166620″ img_size=”large”][vc_column_text]

Гэтую хату паставілі пасля Першай сусветнай на месцы папярэдняй, калі вёска аднаўлялася. Але і тут бачым сляды пажару. Аказалася, што крыты гонтам дах згарэў падчас Другой сусветнай у час бою: вёска дала бой немцам …прыняўшы іх за «бандытаў» (інакш – савецкіх партызанаў тут ніхто не называе).

Былі палеглыя і з боку немцаў, і з боку вяскоўцаў. Калі высветлілася, хто ёсць хто, немцы, на дзіва, нікога не пакаралі, мабыць, баючыся згубіць лаяльных баявітых вяскоўцаў. Прынамсі, так гучыць народная версія падзеяў.

«Хто фуганкам папрацуе – сваю сілу падмацуе»

«Во гэтую шафу яшчэ Адам рабіў, – паказвае Мірэк у кут, – тут мы амаль нічога не змянялі, адно печку пераклалі. Ну і інструманты ўжо бацька мой сам парабіў».

Цікава, як беларушчына тут адчуваецца нават у дробязях. На вялізным фуганку ўздоўж ідзе надпіс: «Хто фуганкам папрацуе – сваю сілу падмацуе», з іншага боку – выява мядзведзя побач з барадатым дзедам.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”166664″ img_size=”large”][vc_single_image image=”166660″ img_size=”large”][vc_single_image image=”166628″ img_size=”large”][vc_single_image image=”166644″ img_size=”large”][vc_single_image image=”166632″ img_size=”large”][vc_single_image image=”166640″ img_size=”large”][vc_column_text]

На паддашшы адно некалькі польскіх газетаў з 1960-х, гліняныя збаны ды разабраныя кросны. Мірэк распавядае, што гісторыкі, якія некалі сюды прыязджалі, пыталіся пра здымкі ці дакументы, якія маглі захавацца, але нічога не знайшлі. На першым паверсе – адзінае, што ўдалося выявіць з дакументальнай спадчыны: некалькі польскамоўных паштовак, якія з Польшчы дасылалі Гадлеўскім у 1950-60-я землякі, што з’ехалі.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”166688″ img_size=”large”][vc_single_image image=”166708″ img_size=”large”][vc_column_text]

Дарэчы, вёска пусцець пачала менавіта пасля вайны ў сувязі з масавымі выездамі ў Польшчу. Падчас вайны ў Шурычах было каля 1000 чалавек, пасля ад’ездаў у канцы 1940-50-х засталося каля 500. Цяпер – 65… На ўсю вёску – пяць кароў, тры з якіх трымае сам Мірэк.

«Раней пра яго і казаць не можна было, а зараз партрэт вісіць…»

Пару гадоў таму памерла і апошняя жанчына – 90-гадовая пані Анэля, якая памятала Вінцэнта Гадлеўскага. Цяпер пра ксяндза тут нагадвае адно заламінаваны партрэт, які прыезджыя актывісты неяк павесілі на ягоным доме. Мірэк распавядае, як адна старая, пабачыўшы твар святара, шчыра здзівілася: «Раней пра яго і казаць не можна было, а цяпер партрэт вісіць…».

Жыхары Шурычаў пагалоўна лічаць сябе палякамі, але выдатна гавораць па-беларуску. Большасць прозвішчаў сканчаецца на «ук» ды «юк», кажуць, што людзі прыйшлі («прышуравалі») сюды з Валыні каля 1700 году па праграме засялення пустуючых пасля войнаў з Масковіяй земляў Рэчы Паспалітай. Перасяленцы станавіліся вольнымі людзьмі і не адраблялі паншчыны – такі вось ген свабоды, закладзены 300 год таму.

Камуністаў бацька выгнаў з хаты

П’ем гарбату ў Мірэка. За дзвярыма праз дваццаць метраў буслінае гняздо на слупе. Птушкі клякочуць, адлятаюць і вяртаюцца час-почас. Кажуць, буслы жывуць там, дзе жывуць добрыя людзі… Цяжка не пагадзіцца.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”166656″ img_size=”large”][vc_column_text]

На сцяне бачу партрэт Касцюшкі, верагодна, зроблены яшчэ перад вайной. Мірэк усміхаецца і распавядае гісторыю, як у 1970-я камуністы, якія зайшлі ў хату запрашаць на выбары, зрабілі бацьку заўвагу ў сувязі з партрэтам, маўляў, здымай давай. Замест як зняць бацька выгнаў «гасцей» з хаты.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”166700″ img_size=”large”][vc_column_text]

Гутарым з Мірэкам аб справах сённяшніх. Перспектываў наш знаёмы тут не бачыць, таму на гарызонце мільгае варыянт ад’езду ў Польшчу. Мову ведае, карту паляка мае, малады, разумны, працавіты – ці не такіх Польшчы трэба? А Беларусі такія навошта?..

Камуфляж, кубанкі, аўтаматы…

Ужо пры браме Мірэк згадвае два выпадкі з нядаўняга мінулага. Аднаго разу на трасе недалёка яго падрэзала серабрыстая таёта ландкрузэр. Аўто спынілася, з прыадчыненых дзвярэй паказаўся лысы чэрап чалавека, апранутага ў чорную скуранку.

«Я думаў, ён спытаць што хоча, апускаю шкло, а ён на мяне мацюкамі. Па мове чую, што не наш, расеец. Адчуваецца, вайсковец былы. Я ў адказ: «Чаго равеш?!» Ён змоўк, закрыў дзверцу ды паехаў».

Прайшоў час і гэтую ж серабрыстую таёту Мірэку давялося пабачыць зноў Гэтым разам па трасе яна ехала наперадзе калоны ўазікаў, гружаных казакамі. Машыны былі з дугамі, але без брызенту, таму яскрава было бачна і камуфляж, і кубанкі з чырвонымі аколышкамі, і зброю (сапраўдную ці не – як там разбярэш?). У пушчу, мабыць, трэнавацца.

Такое ўражанне, што гісторыя робіць сваё чарговае кола: у 1915-м казакі спалілі Шурычы, каб праз 100 год вярнуцца ізноў – са зброяй, расейскімі мацюкамі, хамскімі парадкамі.

Што вяскоўцам рабіць зараз? Пакласці галаву на адсячэнне ці даць бой, як немцам у вайну? Ды ці будзе каму адбудоўваць з пажарышчаў вёску гэтым разам?.. Пытанні рытарычныя.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў