«Радыё Марыя» прыходзіць у Беларусь


Увесну міжнародная радыёсетка адчыняе беларускамоўны інтэрнэт-канал у нашай краіне.

У красавіку 2016 года ў Беларусі з’явіцца канал сусветнай каталіцкай радыёстанцыі «Радыё Марыя», паведамляе партал Рыма-Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі.

Радыё будзе вяшчаць на беларускай мове, праграмы будуць прысвечаныя хрысціянскаму вучэнню, у эфіру будуць транслявацца набажэнствы з розных каталіцкіх храмаў па ўсёй Беларусі.

Кіраўнік «Радыё Марыя – Беларусь» Вячаслаў Гулевіч кажа, што цяпер вядзецца арганізацыйна-прававая праца па адкрыцці радыёстанцыі:

«Калі атрымаецца пачаць трансляцыю ў сакавіку-красавіку, вяшчанне спачатку будзе весціся ў фармаце інтэрнэт-радыё».

Духоўную апеку над новай станцыяй будзе здзяйсняць святар Аляксандр Тарасевіч, пробашч парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі.

«Вядома, хацелася б дасягнуць той аўдыторыі, якая, па сутнасці, з’яўляецца першачарговай для «Радыё Марыя» ў любой краіне – гэта людзі сталага веку, якія маглі б слухаць малітву і святую Імшу не толькі раз на тыдзень. У нашай краіне ёсць такая магчымасць – кожную нядзелю па дзяржаўным радыё транслюецца святая Імша. А дзякуючы «Радыё Марыя» гэта можна будзе рабіць штодня, нават двойчы на дзень», – заяўляе святар.

«Радыё Марыя» з’яўляецца некамерцыйным, у яго эфіры не гучыць рэклама, вяшчанне магчыма дзякуючы працы валанцёраў і фінансавым ахвяраванням радыёслухачоў.

Зараз гэтае радыё вяшчае на пяці кантынентах, у тым ліку Літве, Расеі і Украіне. Польскае «Радыё Марыя», чыім адзіным кантрольным і кіруючым органам з’яўляецца святар Тадэвуш Рыдзык, не належыць да сусветнае сеткі.

ДД, belsat.eu, паводле catholic.by

Стужка навінаў