Рада па правах чалавека ААН прыняла рэзалюцыю па Беларусі. У МЗС яе назвалі абсурдам


Рада па правах чалавека ААН 6 ліпеня прыняла рэзалюцыю аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Мандат спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі падоўжаны яшчэ на год.

«За» былі 19 краінаў-сябраў Рады, «супраць» – 6, «устрымаліся» – 21.

У рэзалюцыі выказваецца «нязменная занепакоенасць» становішчам у галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі. Асабліва ў Радзе ААН занепакоены абмежаваннем мірных сходаў, арыштамі журналістаў і накладаннем на іх штрафаў за прафесійную дзейнасць, нападкамі на праваабаронцаў, прафсаюзы і арганізацыі грамадзянскай супольнасці. У рэзалюцыі выказваецца шкадаванне з нагоды таго, што ўлады не расследуюць выпадкі катаванняў і бесчалавечнага абыходжання, дыскрымінацыі некаторых групаў насельніцтва, адвольных затрыманняў актывістаў. У Радзе ААН нагадваюць, што дагэтуль застаюцца нявысветленымі абставіны гвалтоўнага знікнення палітычных апанентаў улады, якія адбыліся яшчэ ў 1999-2000 гадах

Таксама Рада ААН па правах чалавека настойліва заклікае ўрад Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць са Спецыяльным дакладчыкам Міклашам Харасці.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз назваў рэзалюцыю «абсурдам паводле задумы і па сутнасці».

«Мы не прымаем гэты дакумент як палітызаваны і які скажае рэальны стан рэчаў у нашай краіне», – заявіў ён, адказваючы на пытанне БелаПАН.

ІІ, belsat.eu, паводле spring96.org і mfa.gov.by

Стужка навінаў