Рада адмовілася здавацца. Першая пстрычка па носе?

Новаабраны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паабяцаў распусціць Вярхоўную Раду і правесці датэрміновыя выбары. Рада не адмовілася распускацца, але закон аб выбарах, прапанаваны Зяленскім, і, здавалася б, напярэдадні ўзгоднены з прадстаўнікамі ўсіх фракцый, нават не быў уключаны ў павестку дня.

Наадварот! Большасць прадстаўнікоў фракцый і дэпутацкіх груп заявілі аб пераходзе ў апазіцыю да прэзідэнта, а спікер парламента і другая асоба дзяржавы Андрэй Парубій назваў указ прэзідэнта аб роспуску Рады неканстытуцыйным і паабяцаў звярнуцца ў Канстытуцыйны суд.

І толькі краса і гонар украінскай палітыкі Юлія Цімашэнка заявіла, што яе фракцыя гатова падтрымаць Уладзіміра Зяленскага. Што, зрэшты, нядзіўна: яе партыя ў любым выпадку атрымлівае тыя галасы, якія сышлі да Зяленскага ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў, каб не дапусціць перавыбрання Пятра Парашэнкі. А з самой Юліяй Уладзіміраўнай, як сцвярджаюць кампетэнтныя ва ўкраінскіх кулуарных перамовах крыніцы, ужо даўно ёсць дамоўленасць аб стварэнні кіруючай кааліцыі ў новым складзе Рады. Натуральна, у тым выпадку, калі партыі «Слуга Народа» Зяленскага і «Бацькаўшчына» Цімашэнкі ў суме атрымаюць большасць; тады Цімашэнка і на прэм’ерскую пасаду зможа прэтэндаваць.

З-за чаго разгарэўся гэты сыр-бор?

Усё вельмі проста. Прэзідэнт ужо падчас інаўгурацыі праявіў непавагу да дэпутацкага корпусу. Не да Канстытуцыі, на якой – як і на Перасопскам Евангеллі – ён прыносіў прысягу, а менавіта да дэпутатаў. Ён даў зразумець, што працаваць з імі не мае намеру ні пры якіх умовах. А дэпутаты – члены канстытуцыйнага органа ўлады. Яны пакрыўдзіліся. Хоць, у прынцыпе, большасці з іх было б усё роўна – пераабірацца ў ліпені ці ў кастрычніку: заробак не такі ўжо і вялікі.

Хоць працэдурна як раз прыняцце новага закону аб выбарах значнай часткі з іх было б вельмі не выгадна. У ім прапісваўся пераход на прапарцыйную сістэму – то бок, выбары толькі па партыйных спісах. Мажарытарныя акругі ў гэтым выпадку ліквідуюцца, а, стала быць, усе тыя, хто падкормлівалі гадамі выбаршчыкаў як верхаводак у сажалцы, заставаліся б без апоры падчас выбараў і былі б вымушаныя кланяцца партыйным дзеячам: маўляў, пусціце нас у спіс, а мы вам грошыкі прынясем!

Так што Рада ліха так – што рэха ў паветры зазвінела – шчоўкнула саманадзейнага «маладога чалавека» па носе. А папярэднік яшчэ і дадаў: маўляў, нядобра пачынаць з парушэння Канстытуцыі…

У адказ Уладзімір Зяленскі звярнуўся да народа праз «Фэйсбук» з заклікам галасаваць выключна за новых дэпутатаў. Але – 21 ліпеня.

Што адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі Канстытуцыйны суд, куды збіраецца звярнуцца з запытам вышэйзгаданы спікер Андрэю Парубій, прызнае дзеянні прэзідэнта адпаведнымі Канстытуцыі.

Дарэчы, з кулуараў Вярхоўнай Рады даносіцца інфармацыя аб тым, што другія суткі запар юрысты фракцый вывучаюць існуючыя ў Еўропе заканадаўчыя акты аб імпічменце.

Як вы думаеце, якой сілы можа быць другая пстрычка па носе? Украіна – усё яшчэ парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. А можа – з цягам часу – стаць і парламенцкай.

Фота вокладкі: Forum/Pavlo Gonchar/SOPA Images via ZUMA Wire

МВ

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў