Рабочыя берасцейскага прадпрыемства «Цяпліцмантаж» скардзяцца, што на аб’ектах у Расеі іх прымушаюць працаваць па 11–12 гадзінаў, а таксама не даплачваюць камандзіравальныя. Кіраўніцтва прадпрыемства лічыць скаргі працаўнікоў неабгрунтаванымі ды наракае на тое, што беларусы за мяжой вядуць сябе «вельмі непрыгожа».
У рэдакцыю belsat.eu звярнуўся 27-гадовы берасцеец Ягор, які працуе ў ААТ «Цяпліцмантаж». Ён разам з іншымі беларускімі рабочымі (усяго каля 90 чалавек) быў накіраваны ў камандзіроўку ў горад Чэбаксары Расейскай Федэрацыі для пабудавання там прамысловай цяпліцы. Аднак, паводле Ягора, накіроўваючы працаўнікоў у Расею кіраўніцтва прадпрыемства нібыта выкарыстоўвае іх «як рабоў». Ён сцвярджае, што іх прымушаюць працаваць па 11-12 гадзінаў 6 дзён на тыдзень і не даплачваюць камандзіровачныя.
«Нас ужо працяглы час накіроўваць у камандзіроўкі па Расеі і не выплачваюць у поўным аб’еме камандзіровачныя. Камандзіровачныя на дзень мусяць складаць 30 долараў у адпаведнасці з пастановаю Савету міністраў № 176, а выплачваюць толькі 12 долараў. Акрамя таго, па кантракце ў нас 8-гадзінны працоўны дзень, з 8.00 да 17.00, а па факце мы на працы з 7.00 да 18.00. А з 1 красавіка наагул будзем працаваць з 7.00 да 19.00. Мы абураемся, але адказ кіраўніцтва такі: не задавальняе – купляйце квіток назад і звальняйцеся», – кажа суразмоўца belsat.eu.
Ягор сцвярджае: даплаты за перапрацоўку яны не атрымліваюць. «Паводле працоўнага заканадаўства, мы не можам больш за 10 гадзінаў на месяц перапрацоўваць і больш за 120 гадзінаў на год. А мы толькі за тыдзень больш за 20 гадзінаў перапрацоўваем», – адзначае ён.
Пастанова Савету міністраў № 176 ад 19 сакавіка 2019 года, на якую спасылаецца Ягор, устанаўлівае памеры кампенсацыяў выдаткаў падчас камандзіровак па-за межамі Беларусі. У прыватнасці, для Расеі камандзіровачныя зацверджаны на ўзроўні 30 долараў за дзень плюс 120 долараў на жыллё.
Паводле Ягора, працаўнікі прадпрыемства сутыкаюцца з недаплатаю камандзіровачных апошнія шэсць месяцаў. Прычым тычацца гэта менавіта працы на тэрыторыі РФ.
«Па Беларусі з камандзіровачнымі праблемаў няма», – дадае ён.
Тэрмін камандзіроўкі сканчаецца ў Ягора ў канцы сакавіка і па вяртанні ў Беларусь ён разам з іншымі рабочымі плануе скардзіцца ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Вяртацца раней яны не збіраюцца: калі з’язджаць датэрмінова, то прыйдзецца самастойна аплочваць дарогу. «Праехаць 2000 км за свой рахунак – гэта немаленькая сума», – канстатуе ён.
Звальняцца працаўнікі таксама не хочуць: для беларускіх рэаліяў заробак на прадпрыемстве даволі някепскі – каля 1500 рублёў (па стане на студзень 2020 года сярэдні заробак на Берасцейшчыне – 949,9 рублёў).
Дырэктар ААТ «Цяпліцмантаж» Уладзімір Галец лічыць скаргі працаўнікоў неабгрунтаванымі. Ён прызнае, што камандзіровачныя цяпер складаюць толькі 12 долараў на дзень, але лічыць, што рабочыя не мусяць прасіць больш.
– Камандзіровачныя яны атрымліваюць з разліку 12 долараў на содні. Кажуць, што хочуць 30? А 40 ці 50 чаму не хочуць?
– То бок вы лічыце 12 долараў – гэта справядлівая сума?
– А вы ведаеце, што пражыванне за рахунак прадпрыемства, дарога – за рахунак прадпрыемства, арганізацыя харчавання – за рахунак прадпрыемства? А што вы думаеце, 12 долараў ім для чаго? Напіцца гарэлкі і зладзіць дэбош у гатэлі, што мы аплочваем.
– А былі выпадкі дэбошаў?
– На жаль. На жаль, нашы беларусы сябе вядуць за межамі рэспублікі вельмі не прыгожа. Таму лішнія грошы не на карысць ні іх жонкамі, ні дзецям, ні самім гэтым людзям, якія ходзяць і скардзяцца або прыдумляюць нешта. Ствараюць толькі праблемы – у першую чаргу сябе, потым дырэктару і прадпрыемству ў цэлым.
– Працаўнікі таксама скардзяцца на 11-12-гадзінны працоўны дзень…
– Калі нейкія аўральныя працы адбываюцца, то ўсё гэта толькі па ўзгадненні з працаўнікамі. У нас здзельны заробак, таму кожная гадзіна аплочваецца дадаткова.
***
Прадпрыемства «Цяпліцмантаж» было заснаванае яшчэ ў 80-х. У савецкія часы яно ўваходзіла ў склад Усесаюзнага аб’яднання «Саюзпрамцяпліца» ў складзе Дзяржаграпраму і займалася пабудаваннем прамысловых цяпліц у розных кропках СССР. Пасля распаду СССР «Цяпліцмантаж» пераўтварылася ў акцыянернае таварыства. Цяпер берасцейскае прадпрыемства будуе цяпліцы ў Беларусі, Расеі, Украіне і нават у Польшчы.
ІІ belsat.eu