«Работнікі КДБ прасілі мяне сачыць за кіраўніцтвам Магілёўскага гарвыканкаму ды амбасадаю ЗША». Апошняе слова экс-чыноўніцы ў справе пра карупцыю


Ірына Жаббарава ў судзе.
Фота: Белсат

У Магілёве працягваецца суд над былою начальніцай упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкаму Ірынаю Жаббаравай. Яе вінавацяць паводле першай і другой частак арт. 430 Крымінальнага кодэксу за атрыманне хабару паўторна ў буйным памеры.

22 студзеня дзяржаўная абвінаваўца Таццяна Касцюшка папрасіла суд прызнаць Жаббараву віноўнай у васьмі эпізодах атрымання хабару – з 2015 да 2020 года. У якасці пакарання пракурор просіць для Жаббаравай 6 гадоў пазбаўлення волі, штраф памерам 500 базавых велічыняў, пазбаўленне права займаць кіроўныя пасады 5 гадоў, а таксама спагнаць з Жаббаравай незаконна атрыманыя Br 29 185.

Hавiны
«Усе нам дапамагаюць. І вы дапамажыце». У Магілёве за хабар судзяць экс-чыноўніцу
2020.11.07 12:31

Другога падвіноўнага ў справе – былога генеральнага дырэктара кампаніі «Лазерныя шоу-сістэмы» Аляксандра Лексакова – дзяржаўны абвінаваўца просіць прызнаць віноўным у даванні хабару і пакараць штрафам 400 базавых велічыняў. Ён даў шчырае прызнанне і садзейнічаў следству, за што разлічвае пазбегнуць крымінальнага пакарання.

Аляксандр Лексакоў зрабіў чыстасардэчнае прызнанне па ўсіх эпізодах. Фота belsat.eu

Ірына Жаббарава сваю віну ў атрыманні хабару не прызнала, а прызнала толькі факт атрымання ад Лексакова грошай у двух эпізодах. Першы адбыўся 29 снежня 2019 года, калі дачка Лексакова перадала Жаббаравай буклет, у якім тая 7 студзеня знайшла 800 беларускіх рублёў. І гэтыя грошы, паводле Жаббаравай, былі за выкананую працу – напісанне музычнага трэку. Другі раз Жаббарава атрымала грошы ад Лексакова 13 сакавіка 2020 года на паркінгу ГЦ «Е-Сіці» ў Магілёве: грошы былі таксама ў буклеце. У той жа дзень іх абаіх і затрымалі.

«Мяне затрымлівала 20 чалавек чатырма машынамі. Толькі падчас вобшуку я даведалася, што ў тым буклеце было 550 рублёў. Мяне павезлі ў Менск у Цэнтральны камітэт КДБ. Там мне запрапанавалі сачыць за кіраўніцтвам Магілёўскага гарвыканкаму і за працаўнікамі амбасады ЗША. Я такі чалавек, што ніколі не буду шпіёніць і займацца не сваймі справамі. У СІЗА КДБ са мною працавалі шмат аператыўнікаў, і нікому не ўдалося схіліць мяне да гэтага. Нават пасля пачатку суда, 23 лістапада 2020 года, да мяне прыходзілі працаўнікі КДБ і прапаноўвалі тое самае. Узамен яны абяцалі адкруціць справу назад», – сказала Ірына Жаббарава ў сваім апошнім слове.

Справу Ірыны Жабаравай разглядае суддзя Алена Селядцова. Фота belsat.eu

Жанчына казала вельмі эмацыйна, было бачна, што яна хвалюецца. Былая чыноўніца нагадала, што працуе ў Магілёве 27 гадоў, 18 з якіх – на дзяржаўнай службе.

«Дай Бог, чтобы твоя страна тебя не пнула сапожищем!» – Жаббарава зачытала радок Еўтушэнкі. І працягнула: «Я думала, што гэтыя словы ніяк да нас не адносяцца. Але бачу, што Канстытуцыя і закон з боку пракуратуры працуюць не так, як мусяць. Я прынцыпова была сумленная і ніколі не займалася «левымі» справамі. Я на кожным месцы працы аддавалася – працы, гораду, людзям. Я хацела прынесці карысць, поспехі. І цяпер мне за гэта крымінальная справа?» – задавалася рытарычным пытаннем Жаббарава.

Ірына Жаббарава з адвакаткай перад апошнім словам на судзе.
Фота: Белсат

На думку экс-чыноўніцы, доказы супраць яе будуюцца не на фактах, а толькі на сведчаннях, узятых у людзей пад ціскам, бо яны ў той час былі ў СІЗА КДБ. Пагатоў, звяртае ўвагу жанчына, сведка Мажэйка і другі падвіноўны, Лексакоў, шмат разоў мянялі свае паказанні: называлі розныя месцы перадачы хабару, розныя сумы. Дарэчы, і Жаббарава ў СІЗА КДБ пісала шчырае прызнанне, але пасля ад яго адмовілася і на судзе прасіла не ўлічваць. Свае дзеянні жанчына патлумачыла ціскам з боку КДБ.

Паводле следства, Жаббарава неаднаразова атрымлівала хабар ад дырэктара прыватнага прадпрыемства «Арт-канцэрт» Вадзіма Мажэйкі і тагачаснага генеральнага дырэктара «Лазерных шоу-сістэм» Аляксандра Лексакова за іхнае права браць удзел у правядзенні культурніцкіх імпрэзаў у Магілёве. Цікава, што Мажэйка ў справе праходзіць толькі сведкам, а Лексакоў – падвіноўны.

Hавiны
Адны і тыя ж арганізацыі ды звышдакладны станок за 66 кап. Як праводзяць дзяржзакупы ў Беларусі
2021.01.22 07:30

«Я не магу зразумець, як так маглі зламаць Мажэйку. На вочнай стаўцы я папрасіла яго падняць галаву і паглядзець мне ў вочы. Ён не здолеў гэтага зрабіць. Хаця я лічыла яго чалавекам прынцыпова сумленным», – распавяла Жаббарава.

«З 2015 да 2017 года я была намесніцаю кіраўніка ўпраўлення па культуры гарвыканкаму. Ад мяне не залежала падпісанне дакументаў, і я ніяк не магла паўплываць на тое, хто пераможа ў дзяржаўных закупах. Чаму ўвогуле не былі апытаны людзі, якія праводзілі тыя закупы?» – указвае падвіноўная на агульнае. І дадае пра акалічнасці. Напрыклад, у адным з эпізодаў Мажэйка нібыта перадаў для яе грошы нейкаму мужчыну. І следства не вызначыла, кім быў гэты мужчына і ці перадаваў ён грошы Жаббаравай. Падвіноўная цалкам адмаўляе атрыманне хабару ад Мажэйкі ўва ўсіх заяўленых эпізодах.

Наконт Лексакова і эпізодаў з ім Жаббарава кажа, што і тут следства не мае доказаў, а толькі сведчанні, якія Лексакоў даваў у СІЗА КДБ. І тут былая чыноўніца згадвае: Лексакоў падчас суда заяўляў, што была дамоўленасць, нібыта за пэўныя дзеянні з яго цалкам здымуць крымінальную адказнасць.

Паводле Жаббаравай, яшчэ падчас следства яе абяцалі апытаць на дэтэктары хлусні. Яна вельмі хацела, каб гэтыя паказанні таксама былі ў справе. Але ў выніку так і не апыталі.

«Я столькі разоў сябе і сваю працу не ўлучала ў каштарыс. А 29 снежня я дала слабіну. Я вельмі дакараю сябе за гэты ўчынак. Хаця паводле закону я мела на гэта поўнае права. Я выканала працу – напісала музычны трэк, і мне за гэта заплацілі заробак. І цяпер за музычны трэк яшчэ і гэтую крымінальную справу даюць», – сказала Жаббарава.

Ірыну Жааббараву вядуць на суд.
Фота: Белсат

Жанчына згадала, што падчас апошняга эпізоду, 13 сакавіка 2020 года, вялася аператыўная здымка. І ёй у СІЗА паказвалі гэтае відэа з гукам. Да справы чамусьці далучаны толькі відэашэраг, а аўдыё няма. А тая размова даказвае, што Жабарава не ведала пра грошы ў буклеце.

«Адкуль мне было ведаць, што ў буклеце – грошы? Проста абвінаваціць трэба. Паказальна пакараць чыноўніка. Вы ж таксама чыноўнікі. За кожным з вас – свой лёс. Але запомніце: на маім месцы можа апынуцца кожны, кожны з вас. Захацелі – пасадзілі! Ёсць такое – пазбягаць падвойных стандартаў. Давайце будзем аднолькава да ўсіх ставіцца», – звярнулася жанчына да суддзі і пракурора.

Напрыканцы Жаббарава папрасіла суддзю зрабіць так, каб пасля выраку ў справе ніхто не страціў свайго гонару.

4 лютага суддзя Алена Селядцова агучыць свой вырак.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў