Работнікаў, якія не дасядзелі да канца на адкрыцці «Дынама», пазбаўляюць прэміяў


21 чэрвеня 2018 года. Значную колькасць гасцей на цырымоніі адкрыцця «Дынама» склалі супрацоўнікі дзяржустановаў. Фота – Наталля Літвіненка/«Белсат»

Пра санкцыі за пустыя месцы на адкрыцці сталічнага стадыёну «Дынама» напісаў былы рэдактар «Еўрарадыё» Віталь Зыблюк.

«Падчас футбольнага матчу па сектарах хадзіў чалавек з планшэтам і фатаграфаваў вольныя крэслы. Пасля высвятлялася, якому прадпрыемству выдавалі квіткі, а там і непасрэдна знаходзіліся тыя, хто не дайшоў ці сышоў раней, – напісаў Віталь Зыблюк. – Дакладна ведаю, што на адным з прадпрыемстваў ужо ў пятніцу (на наступны дзень пасля адкрыцця) пазбавілі прэміяў увесь аддзел, адказны за распаўсюд квіткоў, а таксама некалькіх супрацоўнікаў, якія не дасядзелі да канца».

У сваім допісе журналіст падзяліўся меркаваннем, што квіткі можна было проста прадаваць – і сабраць поўны стадыён тых, каму гэта насамрэч цікава.

«Можна было яшчэ і зарабіць на гэтым. Але не ў нас», – дадаў Зыблюк.

Стадыён «Дынама» быў адкрыты ў чацвер матчам паміж зборнай менскага і берасцейскага «Дынама» з аднаго боку і зборнай іншых клубаў беларускага чэмпіянату з другога.

Большую частку квіткоў распаўсюдзілі паміж працаўнікамі дзяржаўных установаў.

Рэканструкцыя стадыёна цягнулася з канца 2012-га па чэрвень 2018 года.

ДД

Стужка навінаў