Рабочыя «Горадня Азот» выступілі з відэазваротам да ўлады


Азотаўцы хочуць захаваць свой калектыў, спыніць звальненні, а ў краіне патрабуюць вызвалення палітвязняў, спынення гвалту і пакарання тых, хто дае на гэта загад. «Бандыцкія фармаванні не былі выведзеныя з гарадоў, а асноўныя правы грамадзянаў і рабочых працягваюць прыціскацца», – кажуць яны.

«Мы стаміліся і катэгарычна супраць падману і жорсткасці, супраць бесчалавечнасці, якая цяпер адбываецца на вуліцы – на вачах у іх і іхных дзяцей», – кажуць працаўнікі «Горадня-Азот», дапаўняючы адно аднаго.

Перадусім яны звярнуліся да працаўнікоў іншых прадпрыемстваў Беларусі:

«Што б не казалі пра нас у іншых – дзяржаўных СМІ – мы салідарныя з вамі і не можам проста назіраць з боку за тым, што адбываецца ў краіне. Абсалютная большасць працаўнікоў нашага заводу прытрымліваецца той жа пазіцыі, але не ўсе могуць яе выказаць, бо маюць на тое прычыны».

Калі казаць пра прычыны, то хочам звярнуцца да кіраўніцтва прадпрыемства, якое таксама супраць таго, што адбываецца ў краіне, але кіраўнікі не могуць казаць пра гэта адкрыта.

«Калі ласка, перастаньце перашкаджаць выказванню меркаванняў працаўнікамі свайго прадпрыемства. Кожны грамадзянін нашай краіны мае права на свой пункт гледжання, які можа не супадаць з вашым. Перастаньце ціснуць на людзей і запалохваць іх. Мы і без таго моцна занепакоеныя колькасцю звальненняў нашых супрацоўнікаў».

Людзі звяртаюць увагу, што сярод звольненых з буйнога дзяржаўнага прадпрыемства ёсць спецыялісты, на падрыхтоўку якіх патрабуюцца гады, таму праз адыход гэтых працаўнікоў распадаюцца калектывы.

Азотаўцы хочуць захаваць свой калектыў, а гарадской адміністрацыі нагадваюць, што ўсе цяперашнія падзеі бяруць пачатак з фальсіфікацыі выбараў, таму патрабаванне нязменнае – прагаласаваць наноў. Цяпер просяць спыніць звальненні, вызваліць палітвязняў, спыніць гвалт і пакараць вінаватых.

ЮЦ Belsat.eu

Стужка навінаў