Пытанні правоў чалавека застаюцца галоўнымі ў дачыненнях ЕЗ з Беларуссю


Галоўнымі ў стасунках Еўразвязу з Беларуссю з’яўляюцца пытанні правоў чалавека, заявіла кіраўніца прадстаўніцтва ЕЗ у Менску Андрэа Віктарын.

«Наша мэта – каб Беларусь была незалежнай і суверэннай дзяржавай, каб у краіне развівалася дэмакратыя, выконваліся прынцыпы вяршэнства права. Мы будзем дамагацца гэтага. І гэта значыць, што пытанні правоў чалавека застануцца галоўнымі ў нашым парадку дня», – цытуе словы дыпламата TUT.BY.

Віктарын адзначыла, што за тры гады з моманту яе прызначэння ў Беларусь палітычны дыялог паміж Бруселем і Менскам пашырыўся і стаў больш актыўным.

«На жаль, да канца мінулага года мы не змаглі падпісаць пагадненне аб прыярытэтах партнёрства. Сёлета мы працягваем працу над дакументам. Я гляджу з аптымізмам адносна пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. Думаю, у бліжэйшы час яно будзе падпісана», – сказала кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ.

Пасол ЕЗ таксама адзначыла, што 10-годдзе ініцыятывы «Усходняе партнёрства», якое адзначыцца ў 2019 годзе, неабходна выкарыстоўваць для таго, каб больш казаць пра мэты і задачы Усходняга партнёрства і яго дасягненнях за гэтыя гады.

«Для нас таксама важна, каб людзі больш даведваліся пра дзейнасць ЕЗ у Беларусі. І важна вызначаць фэйкавыя навіны пра дзейнасць і намеры ЕЗ у Беларусі, каб своечасова аспрэчваць іх. Мы імкнемся, каб было больш інфармацыі пра тое, што Еўразвяз робіць на карысць беларускага народа», – падкрэсліла Віктарын.

Еўразвяз і Беларусь захоўваюць супярэчнасці па праблеме смяротнага пакарання

«У нас застаюцца супярэчнасці па прынцыповым для ЕЗ пытанні – адмена смяротнай кары або ўвядзенне мараторыю. Мы будзем працягваць спрабаваць пераканаць Беларусь у неабходнасці гэтага кроку», – сказала Віктарын.

Пры гэтым яна адзначыла, што бачыць «рэальнае пацяпленне стасункаў ЕЗ і Беларусі» у іншых сферах. «Былі зроблены некаторыя пазітыўныя крокі, – адзначыла кіраўніца прадстаўніцтва Еўразвязу. – Вядома, застаюцца пытанні, якія выклікаюць занепакоенасць. Гэта тычыцца не толькі Беларусі, але і краінаў ЕЗ. Я кажу пра гендарную роўнасць, гвалт у адносінах да жанчын, інклюзіўнасць, талерантнае стаўленне да асобаў з розных групаў. І ў нас ёсць дыялог з Беларуссю, у межах якога мы абмяркоўваем гэтыя пытанні».

Віктарын падкрэсліла важнасць таго, каб грамадзянская супольнасць Беларусі было ўключана ва ўсе сферы супрацы паміж Менскам і Бруселем.

«У ЕЗ мы лічым, што пабудаваць моцныя дзяржаўныя інстытуты можна толькі ва ўзаемадзеянні з грамадзянскай супольнасцю», – сказала амбасадар ЕЗ.

Яна адзначыла, што прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці ўдзельнічаюць у працы Каардынацыйнай групы Беларусь – ЕЗ і ў дыялогу па правах чалавека. «Яны могуць уносіць свае прапановы, да іх прыслухоўваюцца. Гэта вельмі важна», – паказала Віктарын.

Hавiны
Хто і чаму блакуе Лукашэнку ў Еўразвязе?
2019.01.20 10:05

СК, belsat.eu

Стужка навінаў