«Пытанне не ў «можна ці нельга», а ў цане». Хто гатовы імпартаваць нафту ў Беларусь?

На фоне крызісу ў беларуска-расейскіх перамовах аб коштах на нафту Менск працягвае шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак сыравіны на айчынныя НПЗ. У якасці патэнцыйных партнёраў разглядаюцца Літва, Латвія, Польшча, Украіна, Азербайджан і Казахстан. Belsat.eu тлумачыць, наколькі гэтыя кірункі выгадныя для Беларусі ды ці дапамогуць яны дасягнуць колішніх аб’ёмаў імпарту расейскай нафты.

Перадгісторыя нафтавага канфлікту

  • У 2020 годзе Беларусь разлічвала набыць у Расеі 24-25 млн тонаў сырой нафты, а таксама дамагалася кампенсацыі ў сувязі з расейскім падатковым манеўрам у нафтавай галіне, у выніку якога беларускія НПЗ ужо панеслі страты.
  • Цягам снежня кіраўнікі дзяржаў вялі напружаныя перамовы па коштах на сыравіну, аднак дамовіцца не здолелі. Тэрмін дзеяння папярэдняй дамовы скончыўся 31 снежня.
  • З 1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты, пасля чаго Беларусь адмовілася ад экспарту нафтапрадуктаў, каб забяспечыць унутраныя патрэбы. У канцэрне «Белнафтахім» сцвярджалі, што запасаў хопіць прыкладна на 20 дзён.
  • Аляксандр Лукашэнка даручыў вывучыць магчымасць паставак нафты з іншых краін. 14 студзеня віцэ-прэм’ер Беларусі Дзмітрый Круты паведаміў, што Беларуская нафтавая кампанія (БНК) разаслала камерцыйныя прапановы па набыцці нафты ў Польшчу, краіны Балтыі, Украіну, Азербайджан і Казахстан.
  • З расейскіх кампаній пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі для сябе пагадзілася толькі «Сафмар», якая належыць Міхаілу Гуцэрыеву – сябру Лукашэнкі. Пакуль гаворка ідзе ўсяго пра 30 тысяч тонаў.
Рэканструкцыя нафтапроваду Дружба паміж Мазыром і Берасцем у кастрычніку 2018-га. Фота – Forum / ТАСС

Польшча

«Дружба», найбуйнейшая сістэма магістральных нафтаправодаў ва Усходняй Еўропе, праходзіць у тым ліку па тэрыторыі Польшчы. Пра магчымасць імпарту саудаўскай або амерыканскай нафты праз порт Гданьску і далей па «Дружбе» у Беларусь у рэжыме рэверсу Лукашэнка згадваў у інтэрв’ю «Эху Масквы» яшчэ 24 снежня.

Такія пастаўкі насамрэч тэхнічна магчымыя, аднак інфраструктура нафтаправоду не дазволіць Польшчы пампаваць адначасова нафту і да сябе, і ад сябе. Пра гэта заявілі ў прэс-службе польскага аператара «Дружбы», кампаніі PERN. Выключна рэжым рэверсу пакінуў бы польскія НПЗ без сыравіны.

Дастаўка польскай нафты ў Беларусь тэхнічна магчымая, – «Гомельнафта Дружба»

Улічваючы гэты момант, галоўны інжынер «Гомельтранснафта Дружба» Андрэй Вярыга прапанаваў пампаваць нафту з перапынкамі: «Дапусцім, тыдзень пампуем на Мазыр, а тры тыдні з Мазыра».

«Усе агучаныя беларускім бокам варыянты – працоўныя. Хаця ў выпадку Польшчы, паставак чыстай нафты адтуль не было, але быў рэверс «бруднай» [увесну 2019-га, калі ў «Дружбу» трапілі шкодныя хімічныя злучэнні. – Belsat.eu]. Але, як мы бачым, польская профільная кампанія кажа, што адна справа – адкачаць «брудную» нафту, якая ім самім перашкаджае, а іншая – качаць у абодвух напрамках. Таму, напэўна, гэта дастаткова складаны кірунак», – каментуе намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц.

Літва і Латвія

У верасні мінулага году прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс пасля сустрэчы з польскім прэм’ерам Матэушам Маравецкім сказаў, што Літва і Польшча «разглядаюць праекты, якія маглі б дапамагчы Беларусі дасягнуць энергетычнай незалежнасці ад Расеі. У кастрычніку прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пацвердзіў, што Вільня гатовая даць Менску магчымасць імпартаваць нафту. Паводле яго, гэта дапамагло б «захаваць хаця б частку незалежнасці».

У студзені, неўзабаве пасля спынення расейскіх паставак, Клайпедскі порт і «Літоўская чыгунка» заявілі, што гатовыя і тэхналагічна, і фізічна транспартаваць нафту для беларускіх НПЗ.

У грузавым перавозчыку Літоўскай чыгункі LG Cargо адзначылі, што праз Літву ў Беларусь рэальна было б транспартаваць да 3 млн тонаў (з Расеі штогод імпартавалі каля 18 млн тонаў).

15 студзеня дзяржаўная кампанія Klaipedos nafta атрымала прапанову ад беларускіх кліентаў на перавалцы сырой нафты праз іхны тэрмінал у бягучым месяцы.

«Я так разумею, што праз латвійскія і літоўскія парты магчымыя нейкія разавыя пастаўкі. Klaipedos nafta заявіла аб гатовасці, але праблема ў тым, што потым нафту трэба везці чыгункай», – кажа экспертка ў нафтагазавай галіне Таццяна Манёнак. На яе думку, пастаўкі праз «трубу» былі б больш эфектыўнымі ў выпадку Літвы. – Тым больш, што пустая труба ў кірунку «Нафтану» ёсць».

Клайпедскі порт. Фота: Klaipedos nafta

Перамовы з Латвіяй на высокім узроўні пакуль выглядаюць паспяховымі. Спачатку, у снежні, амбасадар Эйнарс Семаніс наведаў «Нафтан» у Наваполацку, дзе абмеркаваў з кіраўніцтвам НПЗ механізм альтэрнатыўнага імпарту нафты праз латвійскія парты, у прыватнасці Вентспілс. Праз паўночную галіну беларускага ўчастку «Дружбы» ёсць магчымасць рэверснай прапампоўкі нафты з Вентспілса на «Нафтан».

У часе візіта ў Беларусь 16 студзеня прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш пацвердзіў гатовасць пастаўляць у Беларусь нафту «з усяго свету». Пры гэтым ён заўважыў, што бізнес павінен быць узаемавыгадным і пытанне варта ацаніць кампаніям, якія непасрэдна зоймуцца пастаўкамі.

Пра магчымыя аб’ёмы нічога не гаворыцца, аднак наўрад ці гаворка ідзе пра намер Беларусі імпартаваць з Латвіі 5 тонаў і больш, мяркуе Манёнак.

Латвійскі прэм’ер пацвердзіў магчымасць паставак нафты ў Беларусь

Украіна

У Менску ўжо ёсць досвед паставак невялікіх партый сыравіны з Ірану, Венесуэлы і Азербайджану праз украінскія парты. Напрыканцы мінулага лістапада бакі зноў абмеркавалі транзіт у Беларусь па нафтаправодзе «Адэса-Броды», а таксама стварэнне сумеснага прадпрыемства для транспартавання нафты на Мазырскі НПЗ.

Цікаўнасць сітуацыі ў тым, што завод у Мазыры адначасова з’яўляецца асноўным пастаўшчыком паліва ва Украіну. І хаця Беларусь абвесціла, што спыняе экспарт нафтапрадуктаў, 13 студзеня дзяржаўная кампанія «Нафтагаз Украіна» падпісала з ім гадавы кантракт на пастаўкі бензіну і дызельнага паліва. Пасля гэтага кампанія «Укртатнафта» Ігара Каламойскага звярнулася да Зяленскага с просьбай абмежаваць гэты імпарт на карысць нафтапрадуктаў мясцовай вытворчасці.

Частка нафтаправоду «Адэса-Броды». Фота: RIA News

У студзені Беларусь направіла Украіне, як і астатнім краінам, прапанову па сырой нафце, аднак адказу з ўкраінскага боку на момант публікацыі не было.

«У 2010-11 гадах была дамоўленасць, што Беларусь пракачае ад 4 да 8 млн тонаў нафты праз Украіну, але пракачала толькі каля 1 млн, нават былі судовыя разбіральніцтвы паміж бакамі па гэтай справе, бо Беларусь не выканала дамоўленасці. Таму цяпер, я мяркую, украінскі аператар будзе падыходзіць больш асцярожна да такіх паставак.

Эксперты кажуць, што, каб запусціць трубу «Адэса-Броды», нагрузка павінна быць каля 4-5 тонаў нафты. Ці змогуць беларускія НПЗ эфектыўна яе перапрацаваць? З улікам лагістычных страт, наколькі канкурэнтаздольнымі на сумежных рынках у выніку будуць гэтыя нафтапрадукты? Для мяне гэта вялікае пытанне», – адзначае Таццяна Манёнак.

Менск шукае нафту ў Азербайджане

Азербайджан і Казахстан

Ніякай канкрэтыкі па азербайджанскім кірунку таксама няма. У інтэрв’ю Trend кіраўнік дзяржаўнай нафтавай кампаніі SOCAR Ібрагім Ахмедаў завіў, што перамовы сапраўды вяліся, пастаўкі тэхнічна магчымыя, але пакуль – «нічога канкрэтнага».

Прэцэдэнты супрацы ў энергетычнай сферы з Азербайджанам ёсць: у 2010 годзе Беларусь спрабавала набыць у яго сырую нафту не за жывыя грошы, а ў абмен на экспарт беларускіх тавараў. У выніку па своп-схеме, шляхам замяшчэння венесуэльскай нафты, у Беларусь трапіла больш за 156 тысяч тонаў азербайджанскай. У кастрычніку 2016-га – набыла 84,7 тысяч тонаў нафты, якая была дастаўленая з Азербайджану праз грузінскі порт Супса ў Адэсу і прызначалася для Мазырскага НПЗ.

Што датычыць Казахстану, то там плануюць сустрэцца з прадстаўнікамі «Белнафтахіма» да 20 студзеня. Для беларускіх спецыялістаў арганізуюць сустрэчу з нафтавымі кампаніямі. Але здзелка будзе магчымая, калі яна будзе эканамічна выгадная, цытуе «Интерфакс» міністра энергетыкі Казахстана Нурлана Нагаева.

«Ідзе звычайны гандаль»

«На мой погляд, беларускі бок усё ж мяркуе дамовіцца з расейскімі кампаніямі і выціснуць зніжку праз прэмію [цяпер Расея патрабуе прэмію для расейскага пастаўшчыка ў 10 долараў за тону. – Belsat.eu], калі не цалкам яе зняць», – прагназуе Таццяна Манёнак.

У спрэчцы па прэміі Беларусь мае рацыю, кажа яна, бо аб памеры прэміі дамаўляліся яшчэ ў 2011 годзе, але якасць сыравіны з таго часу пагоршылася.

«Выдатна, што Беларусь нарэшце ўзялася за альтэрнатыўныя пастаўкі, але я не думаю, што размова ідзе пра тое, каб замясціць расейскую нафту. Хутчэй, пра тое, каб выкарыстаць гэта як даволі сур’ёзны рычаг у спрэчках. Але наўрад ці расейскія кампаніі самі хацелі б цалкам страціць беларускі рынак, тым больш, у іх тут ёсць аўтазаправачныя сеткі. Напэўна, няма палітычнага штуршку, каб бакі селі за стол перамоваў і знайшлі кампрамісны падыход да пытання», – рэзюмуе Манёнак.

З ёй салідарны і Георгій Грыц, які упэўнены, што ў сітуацыі з Расеяй дамоўленасць будзе дасягнутая, а цяпер «ідзе звычайны гандаль».

«Пытанне паставак з іншых краін не ў «можна-нельга», а ў цане. Пакуль і пастаўшчыкі, і беларускія профільныя ведамствы кажуць, што найбольш прымальны кошт у расейскай нафты. Лагічна было б дамовіцца з імі, але адпрацаваць альтэрнатыўныя каналы і захоўваць іх «жывымі», – кажа эксперт.

КА belsat.eu

Hавiны