Пяць студэнтаў затрымалі ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце


Паміж парамі студэнты МДЛУ збіраліся ў фае заспяваць песню Do you hear the people sing? Падчас спеваў сілавікі пачалі затрымліваць удзельнікаў акцыі, распавяла Belsat.eu студэнтка вну.

«Мы збіраліся заспяваць песню на пераменцы. Да пачатку мы бачылі ў двары бусы без нумароў з людзьмі ў чорным унутры. Мы пачалі тэлефанаваць у ДАІ, каб там разабраліся, што гэта за машыны без нумароў.

Адзін раз мы паспелі выканаць песню. Потым крычалі «Жыве Беларусь», а калі пачалі запяваць другі раз, да нас у дзверы зайшлі АМАПаўцы. Выкладчыкі пачалі на іх крычаць, каб не забіралі дзяцей. Усе кінуліся наўцёкі, нехта станавіўся ў счэпку, нехта хаваўся.

Я не бачыла, колькі ўвогуле людзей затрымалі, але дакладна больш за трох», – распавяла студэнтка МГЛУ.

У Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце былі затрыманыя студэнты Прохар Навіцкі, Мікіта Адацкий, Аляксандр Масалевич. Хлопцаў адвезлі ў Партызанскі РАУС. Паводле некаторых дадзеных, затрыманых пяць чалавек.

Афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава распавяла TUT.BY, што студэнтаў у МДЛУ затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі, не АМАП.

– Затрымлівалі ў рамках адміністратыўнага працэсу. Не за правапарушэнні сённяшняга дня, а за здзейсненыя раней, – сказала яна.

Затрыманых у МДЛУ даставілі ў Партызанскі РУУС, калі іх адпусцяць, у МУС не паведамляюць.

Стужка навінаў