Пяць найлепшых галівудскіх фільмаў пра Каляды

Напярэдадні Калядаў кінакрытык Сяргей Філімонаў дзеліцца ўласным рэйтынгам найлепшых святочных фільмаў.

  • 5. Падарунак на Каляды (Jingle all the way, 1996)

Бацька шукае цацку Турбамэн для свайго сына ў апошні момант перад Калядамі. Але цацкі ў продажы няма, яе раскупілі. Звычайныя крытыкі ды пабожныя бацькі чакалі ад стужкі цукровай сямейнай гісторыі, але атрымалі сатыру на свет камерцыі і гатоўкі.

Экшн камедыя з дурнаватымі, але смешнымі жартамі. Арнольд Шварцэнэгер у ролі бацькі яшчэ ў зеніце славы. Згадаўшы Шварцэнэгера, можна да спісу далучыць і Бруса Ўіліса, бо падзеі ягонага баевіка «Моцны Арэшак» (1988) таксама адбываліся пад новы год.

  • 4. Эльф (Elf, 2003)

Магчыма, найлепшая роля Ўіла Фэрэла за ўсю карʼеру. Ён стварае вобраз хлопчыка, які трапіў у дзяцінстве ў мяшок Санта Клаўса і знік з дому.

Хлопца выхаваў эльф. Але цяпер герою ўдалося вярнуцца дахаты. Ён выглядае дарослым, але ўнутры захаваўся дзіцём. Казка сутыкаецца з рэальнасцю і злымі людзьмі. У свой час «Эльф» быў супер касавым гітом. Згадаўшы «Эльфа», можна паглядзець і «Грынча, выкрадальніка Калядаў»(2000) у выкананні Джыма Кэры.

  • 3. Абсалютна дурнаваты (MixedNuts, 1994)

Службу ратунку самагубцаў ды розных варʼятаў, дзе працуе Філіп (выбітны комік Стыў Марцін), напрыканцы года збіраюцца скасаваць. Гэтай службай без праблем для ўласнага псіхічнага здароўя можа кіраваць толькі непапраўны аптыміст.

Герой з дапамогай сяброў, пацыентаў ды акалічнасцяў пераадольвае ўсе праблемы. Рэжысёрам і сцэнарыстам тут працавала знакамітая амерыканская скандалістка Нора Эфрон. Яна зняла моцна не паліткарэктную камедыю, якую дасюль смешна глядзець.

  • 2. Дрэнны Санта (BadSanta, 2003)

Герой стужкі – незвычайны Санта Клаўс. Пад Новы год Вілі (Білі Боб Торнтан) з паплечнікам рабуюць чарговы ўнівермаг. Ён – злачынец, рэцыдывіст і алкаголік. Але адшукаўся хлапчук, які ўсё-ткі паверыў у гэтага «дрэннага Санту».

І Вілі мусіць выдумляць невядома што, каб гэтым разам ажыццявіць сваё злачынства! Ніякай параўнальнай навагодняй чорнай камедыі дасюль ніхто не здолеў зняць.

  • 1. Скрудж (Новая калядная казка) (Scrooged, 1988)

У прамежку паміж першым і другім фільмамі «Смяротная зброя» вядомы рэжысёр Рычард Донэр паспеў зняць найвыбітнейшы фільм прытчу «Скрудж». Гаворка там ідзе пра выпраўленне пад Новы год дрэннага і нават шкоднага бізнесмена (якога ўвасабляе геніяльны Біл Мюрэй).

Выпраўляюць героя містычныя істоты: «прывід мінулага» – вясёлы таксіст з пекла, «прывід сучаснасці» – суворая фея і «прывід будучыні» – з чэрапам замест твару… 30 гадоў таму фільм быў дужа паспяховы, намінаваўся на Оскары, але саступіў іншай фантастычнай гісторыі – «Жучынаму соку» Тыма Бэртана. У свае лепшыя часы Галівуд здымаў масу выдатных фільмаў кожны сезон.

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў