Пяць гадоў з моманту арышту Сянцова: што з ім адбываецца ў калоніі


10 траўня спаўняецца пяць гадоў, як украінскі рэжысёр Алег Сянцоў знаходзіцца за кратамі ў Расеі. Сянцоў, які адбывае цяпер тэрмін у калоніі ў расейскім горадзе Лабытнангі на Ямале, падчас апошняй сустрэчы з адвакатамі не скардзіўся на самаадчуванне і ўмовы зняволення. Пра гэта DW распавяла адвакат Сянцова Вольга Дзінзе, якая наведвала яго ў калоніі ў пачатку сакавіка.

«Палову дня ўсе вязні займаюцца страявой падрыхтоўкай – гэта патрабаванне рэжыму. Алег маршыруе трохі менш за іншых – яму дазваляюць больш часу выдаткоўваць на прагулкі і заняткі спортам у выніку рэабілітацыі пасля галадоўкі», – паведаміла Дзінзе.

Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў быў арыштаваны 10 траўня 2014 года ў Сімферопалі. ФСБ Расеі абвінаваціла яго ў стварэнні тэрарыстычнай групы, якая мела намер падарваць мясцовы помнік Леніну. У жніўні 2015 года Паўночна-Каўказскі вайсковы акруговы суд у Растове-на-Доне прысудзіў Сянцова да 20 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму.

У мінулым годзе Сянцоў на працягу 145 дзён трымаў галадоўку, патрабуючы ад расейскіх уладаў вызвалення 64 украінскіх грамадзянаў, якія знаходзяцца за кратамі ў Расеі, якіх ён лічыць палітвязнямі. Рэжысёр быў вымушаны перапыніць галадоўку з-за пагрозы прымусовага кармлення.

«Пасля рэабілітацыі Алег вярнуўся да творчасці, працуе над сцэнарамі. На жаль, адміністрацыя калоніі не дазваляе яму карыстацца медыя-прайгравальнікам, таму ён не можа глядзець тыя працы, якія яму дасылаюць калегі», – адзначае Вольга Дзінзе.

Сусветная кінематаграфічная супольнасць неаднаразова заклікала вызваліць Алега Сянцова. Працэдура памілавання ў Расеі прадугледжвае, што рэжысёр павінен асабіста звярнуцца да прэзідэнта Расеі з такой просьбай. Але Сянцоў адмовіўся гэта рабіць, настойваючы, што з’яўляецца ўкраінскім грамадзянінам.

Аднак 7 кастрычніка 2016 міністэрства юстыцыі Расеі адмовілася выдаваць рэжысёра Украіне, сцвярджаючы, што, згодна з законам аб далучэння Крыму да Расеі, Алег Сянцоў стаў грамадзянінам РФ. Праваабарончыя арганізацыі называюць Сянцова палітзняволеным і патрабуюць ад Расеі неадкладнага вызвалення рэжысёра.

У кастрычніку летась Еўрапейскі суд па правах чалавека прыняў да разгляду пазоў Сянцова аб парушэнні яго права на свабоду і бяспеку, а таксама аб ужыванні да яго катаванняў. У снежні суд адклаў слуханне справы да разгляду скаргі Украіны на дзеянне Расеі ў Крыме, але пазней вярнуў справе прыярытэтны статус. У лістападзе 2018 года Алегу Сянцова была прысуджана прэмія «За свабоду думкі» імя Сахарава, заснаваная Еўрапарламентам.

Алег Сянцоў: Я выжыў

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары