Пятро Парашэнка: кіеўскія князі вельмі неабдумана заснавалі Маскву


Сёння, 19 красавіка, Вярхоўная Рада падтрымала зварот прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі да Ўсяленскага патрыярхату аб наданні аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы.

Выступаючы ў Вярхоўнай Радзе, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што стварэнне ва Украіне аўтакефальнай царквы адновіць гістарычную справядлівасць, паколькі хрысціянства прыйшло з Царграда менавіта праз Кіеў

«Менавіта з Царграда праліўся на нашу дабраславёную зямлю святло хрысціянскай веры. І ўжо затым мы падзяліліся з тым Залессем (сярэднявечнае назва шэрагу тэрыторыяў цяперашняй Расеі – belsat.eu), дзе старажытныя кіеўскія князі вельмі неабдумана заснавалі Маскву», – не без гумару адзначыў палітык.

Парашэнка лічыць, што пытанне аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы з’яўляецца пытаннем нацыянальнай бяспекі.

«Гэта – пытанне нацыянальнай бяспекі і нашай абароны ў гібрыднай вайне, таму што Крэмль разглядае РПЦ як адзін з ключавых інструментаў уплыву на Украіну», – падкрэсліў Парашэнка.

Украінскі лідар таксама падкрэсліў, што дзяржава (тым больш замежная) не мае права і не павінна ўмешвацца ў царкоўныя справы.

«Калі Масква абʼяўляе Украіну сваёй кананічнай тэрыторыяй, ці гэта не зʼяўляецца замахам на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны? Ці маем мы права моўчкі спакойна назіраць па гэтым замахам?» – сказаў Парашэнка.

«Украінская Аўтакефальная Памесная Царква зʼяўляецца адной з канстытуцыйных асноў нашай незалежнасці», – падсумаваў ён.

ІІ, belsat.eu, паводле president.gov.ua

Стужка навінаў