Пяскоў: Ёсць кампаніі, гатовыя прадаваць нафту ў Беларусь са зніжкай


Беларусь і Расея працягнуць працу для развязання пытанняў продажу нафты. Пра гэта паведаміў 21 лютага прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, перадае ТАСС.

Дзмітрый Пяскоў. Фота – Kremlin.ru

Прадстаўнік Крамля пацвердзіў, што падчас тэлефоннай размовы 21 лютага Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўваліся розныя пытанні, звязаныя з пастаўкамі расейскай нафты і іх коштам. Прэс-сакратар адзначыў, што не можа «перадаць нюансы» размовы. Але, паводле яго, «кожны бок робіць свае ўласныя калькуляцыі». Ён таксама пацвердзіў, што ўраду Беларусі даручана працягнуць кантакты з расейскімі кампаніямі.

Паводле яго, 20 лютага намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ Дзмітрый Козак абмеркаваў з нафтавымі кампаніі прымальныя для іх кошты паставак нафты ў нашу краіну.

На пытанне, ці пагадзіліся расейскія кампаніі пастаўляць нафту ў Беларусь па больш нізкай цане, Пяскоў сказаў, што гаворка ідзе пра «пэўную цану», але называць яе адмовіўся. Прэс-сакратар пры гэтым паведаміў, што кампаніі, якія згодныя знізіць цану для Беларусі, ёсць.

Ён таксама заявіў, што гаворка пра кампенсацыю з бюджэту нафтавым кампаніям РФ у выпадку паставак нафты ў Беларусь па зніжанай цане не ідзе. Розныя пазіцыі бакоў абмяркоўваюцца, дадаў прэс-сакратар.

Паводле яго, бакі разглядаюць розныя варыянты, каб знайсці «ўзаемапрымальныя опцыі».

Новак удакладніў прапановы РФ

Між тым РБК паведамляе, што расейскі бок прапанаваў Беларусі зніжаць прэміі па цэнах на нафту, якая пастаўляецца прыкладна на $ 2 за 1 т кожны год, гэта значыць прапарцыйна зніжэнню экспартнага мыта. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак.

«Прапанаваны падыход, які ўлічвае зніжэнне экспартнага мыта. <…> Гэта дасць магчымасць часткова кампенсаваць эфект ад змяншэння экспартнага мыта», – сказаў Новак.

Hавiны
Пуцін прапанаваў Лукашэнку кампенсацыю за нафтавы манеўр
2020.02.21 11:49

21 лютага адбылася тэлефонная размова паміж Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам. Як распавёў кіраўнік Беларусі, прэзідэнт Расеі прапанаваў палічыць, колькі Беларусь можа страціць ад нафтагазавага манеўру ў Расеі ў 2020 годзе адносна ўзроўню 2019-га.

«Калі мы атрымлівалі ў мінулым годзе ад мыта $ 1 млрд, уявім, а ў гэтым годзе за кошт зніжэння гэтага самага мыта (яно ж увесь час зніжаецца) атрымаем $ 700 млн. Ён сказаў: мы $ 300 млн кампенсуем. У тым ліку за кошт прэміяў кампаніям», – заявіў Лукашэнка.

Таксама Расея «гатовая нам захаваць фінансавы ўзровень па нафце мінулага года», адзначыў ён.

Hавiны
Сяргей Чалы: Шантаж Лукашэнкі спрацаваў
2020.02.21 12:50

Як заявіў беларускі эканаміст Сяргей Чалы, прапанова прэзідэнта Расеі адносна кампенсацыі нафтавага манеўру ёсць кампрамісным развязаннем.

«Гаворка ідзе пра кампенсацыю стратаў гэтага году. Ні кампенсацыі мінулага года, ні да 2018-га. Гаворка ідзе толькі пра гэты год. І гэта не самая вялікая велічыня», – адзначыў эксперт.

Паводле яго, такая кампенсацыя магла стаць адказам на шантаж з боку Аляксандра Лукашэнкі забіраць нафту, якая ідзе транзітам праз Беларусь.

У сваю чаргу расейскі эксперт у пытаннях нафты ды газу Міхаіл Круціхін адзначыў, што прапанова Уладзіміра Пуціна з’яўляецца выключна палітычнай.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў